Сяргей Зікрацкі: Улады спрабуюць зрабіць стаўку — і адгадаць цану нашага задавальнення
«Улады спачатку парушаюць закон, калі кідаюць людзей за краты, а потым зноў парушаюць яго — каб адпусціць іх. Чаму?» — напісаў на сваёй старонцы адвакат Сяргей Зікрацкі.

«Мы ўсе ўчора плакалі, смяяліся, скакалі і крычалі ад радасці, калі Ала, Юля, Пётр і Сяргей выйшлі на волю. І чаго хаваць — я рабіў гэта разам з вамі.
Але давайце цяпер спусцімся на зямлю і разам дамовімся пра дзве рэчы.
Першае. Зыходзячы з першых паведамленняў, работнікі Прэс-клуба «выйшлі па памілаванні». Таму тое, што адбылося ўчора, — незаконна. У адпаведнасці з артыкулам 96 Крымінальнага кодэкса памілаванне ажыццяўляецца да асобы, асуджанай за злачынства. Ніхто з тых, хто выйшаў учора са сцен СІЗА не быў асуджаны. Улады спачатку парушаюць закон, калі кідаюць людзей за краты, а потым зноў парушаюць яго — каб адпусціць іх. Чаму? Таму што яны спрабуюць гуляць з намі, спрабуюць зрабіць стаўку і адгадаць цану нашага задавальнення. Менавіта таму — другое.
Другое. На раніцу 20 жніўня за кратамі ўсё яшчэ застаюцца 633 палітычных зняволеных і тысячы людзей, якія не прызнаныя палітвязнямі, але сядзяць па палітычных матывах.
Мы павінны радавацца кожнаму закладніку, які выходзіць на волю, але мы не маем права супакойвацца і задавальняцца, пакуль не выйдзе на волю апошні чалавек, які знаходзіцца за кратамі па палітычных матывах».