Сёлета «Чарнобыльскі шлях» збіраюцца правесці па традыцыйным маршруце
Аляксей Янукевіч кажа, што заяўка на правядзенне вулічнай акцыі «свядома неканфрантацыйная».
Сёлета “Чарнобыльскі шлях” збіраюцца правесці па традыцыйным маршруце. Арганізатары спадзяюцца, што мінскія ўлады дазволяць збор людзей 26 красавіка каля Акадэміі навук, дзе плануецца правесці мітынг, і шэсце да Чарнобыльскай капліцы ў парку Дружбы народаў.
Адзін з лідараў Партыі БНФ Аляксей Янукевіч кажа, што заяўка на правядзенне вулічнай акцыі “свядома неканфрантацыйная”, паколькі ў ёй той жа маршрут, па якім праходзілі папярэднія шэсці на ўгодкі чарнобыльскай трагедыі. Арганізатары разлічваюць, што ўлада “зробіць крок у адказ і на гэтым тыдні з’явіцца адказ на заяўку”.
Еўрарадыё пацікавілася, ці не патрэбны для “Чарнобыльскага шляху” новы фармат, як сёлета было з акцыяй на Дзень Волі? Арганізатары кажуць, што пэўныя змены прысутнічаюць, але яны не датычаць шэсця. Гаворка ідзе пра запланаваную кампанію “Астравецкі шлях”, якая стартуе якраз 26 красавіка і будзе праходзіць у рэгіёнах.
euroradio.fm