Сёння ў праваслаўных — Даравальная нядзеля
У апошні дзень масленіцы, нядзелю перад Вялікім Постам, праваслаўныя просяць, каб даравалі крыўды. Заўтра, 23 лютага, распачынаецца Вялікі пост.
Традыцыйна ў нядзелю, пасля ваджэння па вёсцы, з заходам сонца спальвалі на вогнішчы пудзіла, як увасабленне марознага часу, і зламаныя, старыя рэчы.
Лічылася, што ў гэты дзень — апошні перад Вялікім постам, што цягнецца 7 тыдняў, — варта сталавацца 7 разоў.
Сёмае сталаванне было апошнім, калі перад постам елі ежу жывёльнагапаходжання.
Нядзелю называлі Даравальнай, бо ўвечары ў кожным доме ўсе прасілі дараваць адзін аднаму. Гаспадар сядаў на покуце пад абразамі, чытаў малітву і прасіў даравання ў сваіх продкаў — дзядоў і прадзедаў. Потым па чарзе, ад старэйшага, на сярэдзіну пакоя выходзілі сыны і дочкі і прасілі ў бацькі: «Прабач, бацька родны, калі чым саграшыў перад табою, справай або языком». Затым прасіла даравання маці. Пасля гадаванцы сядалі на лавы — сыны справа, дочкі злева. Бацька выходзіў на сярэдзіну пакоя, тройчы кланяўся ўсім і таксама прасіў дараваць за нядобрыя словы або дрэнныя ўчынкі.
У цэрквах жа адбываўся абрад ачышчэння, калі пры канцы набажэнства святар прасіў даравання ў прыхаджанаў, якія тройчы адказвалі «Бог даруе!».