Сёння ў Мінску пройдзе афіцыйны «Дзень вышыванкі»

2 ліпеня ў Мінску пройдзе «Дзень вышыванкі». Яго ладзяць Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства культуры і Мінгарвыканкам.

img_2095_1.jpg

Імпрэза распачнецца а 12:00 на пляцоўцы каля мінскага Палацу спорту.

«Галоўным сімвалам свята быў і застаецца беларускі арнамент — узор-шыфр, які здаўна стаў для беларусаў своеасаблівым абярэгам», — паведамляе на сваім сайце БРСМ.

У межах імпрэзы адбудзецца флэш-моб «Усе ў вышыванках». Тыя, хто прыйдзе на свята, змогуць паўдзельнічаць у сэлфі-фотаконкурсе. На пляцоўцы будуць працаваць фудкорт «Беларуская карчма», літаратурная гасцёўня «Смак роднай мовы», салон беларускага арнаменту «Родныя ўзоры», інтэрактыўныя экспазіцыі «Родны кут» і «Народныя гульні», дзіцячая пляцоўка. Рамеснікі запросяць на майстар-класы ў «Горад майстроў».

Улады праводзяць «Дзень вышыванкі» з 2016 года. Першапачаткова ідэя «Дня вышыванкі» нарадзілася ў некамерцыйнай арганізацыі «Арт-сядзіба», пазней яе пачалі выкарыстоўваць праўладныя актывісты. Кіраўнік «Арт-Сядзібы» Павел Белавус у эфіры «Белсату» выказваў меркаванне, што афіцыйны «Дзень вышыванкі» будзе нагадваць «Дажынкі».

belsat.eu