Следчы Кудзеля ў сваёй пастанове, якая была дасланая заяўнікам, называе хадайніцтвы
Андрэя Бастунца і
Аксаны Колб неабгрунтаванымі і нематываванымі.
Акрамя гэтага, следчы адзначае, што ў выпадку вызвалення, Чульцова можа схавацца ад следчых органаў і суда, а таксама перашкаджаць папярэдняму расследаванню крымінальнай справы.
Пра рашэнне следчых наконт хадайніцтва аб вызваленні другой журналісткі — Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) — пакуль невядома, хаця яно было накірава ў СК некалькі тыдняў таму.
Журналісткі Кацярына Андрэева (Бахвалава) і
Дар’я Чульцова знаходзяцца за кратамі з 15 лістапада, калі былі затрыманыя пасля прамой трансляцыі для “Белсата” з разгону сілавікамі акцыі ў Мінску. Іх вінавацяць у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).