СК наклаў арышт на грошы тых, хто дапамог аплочваць штрафы пратэстоўцам

Упраўленне Следчага камітэта па горадзе Мінску працягвае расследаваць крымінальную справу пра масавыя беспарадкі ў сталіцы, пааведамляе «Еўрарадыё».

Фота sk.gov.by

Фота sk.gov.by

Следчыя заяўляюць, што выявілі неаднаразовыя факты фінансавання незаконных масавых мерапрыемстваў. Гаворка ідзе пра аплату штрафаў, прысуджаных пратэстоўцам. У такой аплаце ўдзельнічалі як арганізацыі, так і фізічныя асобаы.
"У выніку названай дзейнасці асобы, у дачыненні да якіх ужытае адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе штрафу, фактычна адказнасць не нясуць. Варта адзначыць, што прынцып індывідуальнай адказнасці, прадугледжаны адміністрацыйным правам, азначае неабходнасць выканання пакарання непасрэдна асобай, якая прыцягнута да адказнасці. У іншым выпадку Значэнне інстытута асабістай адказнасці цалкам нівеліруецца", — заявіў у каментары БЕЛТА начальнік УСК па Мінску Сяргей Паско.
Па яго словах, з санкцыі пракурора следства наклала арышт на грошы, заплачаныя іншымі за аштрафаваных пратэстоўцаў. Следчыя настойваюць, каб плацілі непасрэдна аштрафаваныя. Гэта азначае, што некаторым пратэстоўцам, якія заплацілі штрафы, магчыма, давядзецца плаціць іх яшчэ раз.
Раней за такую аплату штрафаў былі затрыманыя і ўзятыя пад варту гомельскія праваабаронцы Леанід Судаленка і Таццяна Ласіца, у Мінску — журналіст Андрэй Аляксандраў і яго дзяўчына Ірына Злобіна. Усіх іх вінавацяць у фінансаванні незаконных мерапрыемстваў. Праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі.