СК прыпыніў праверку па справе ксяндза Вячаслава Барка

Пра гэта ксёндз Вячаслаў, пробашч расонскага касцёла Святога Язафата Кунцэвіча, паведаміў у сацыяльных сетках.

2021_01_20_lipka_barok_f1_833x400.jpg


Менавіта з нагоды паведамленняў, размешчаных у інтэрнэце, 12 лістапада яго дапытвалі ў раённым аддзеле Следчага камітэта ў Расонах, а потым распачалі праверку зместу блогаў на YouTube, Facebok і Instagram, нагадвае Радыё Рацыя.

Цяпер праверка прыпынена, распавёў Вячаслаў Барок. «Дастаўлена мне паведамленне ад Следчага камітэту: правядзенне праверкі па факце распаўсюджвання праз Сеціва ў адкрытым доступе матэрыялаў, якія могуць змяшчаць заклікі на распальванне экстрэмізму, прыпынена», — напісаў ён.

Падставай для прыпынення праверкі стала «неатрыманне вынікаў экспертызы», гаворыцца ў лісце са Следчага камітэта. Інакш кажучы, тэрміны праверкі скончыліся, а падставаў, каб абвінаваціць ксяндза Вячаслава Барка «ў экстрэмізме», у следчых няма.

Ці будзе праверка адноўлена па выніках экспертызы, калі яны будуць вядомыя, ксяндзу не паведамілі. Але прыпыненне праверкі ён лічыць добрым знакам, падкрэслівае Вячаслаў Барок у сваім звароце да сваіх прыхільнікаў у сацыяльных сетках.