Адамовіч запрашае Пазьняка вярнуцца ў Беларусь на святкаванне стагоддзя БНР

Пра гэта ідзе гаворка ў лісце, які паэт і грамадскі актывіст даслаў у рэдакцыю «Новага часу». Апроч таго, ён тлумачыць пэўныя арганізацыйныя моманты святкавання. Прыводзім яго ліст з невялікімі рэдактарскімі праўкамі цалкам.

0443481d3b097b2dc3511aa8cd2d1_1.jpg


Частка першая: Прэамбула, альбо тлумачэнне моманту


На запрашэнне руху салідарнасці «Разам», сябрам якога я з’яўляюся, 16 студзеня 2018 года я далучыўся да Рабочай групы пашыранага Аргкамітэту па адзначэнні 100-й гадавіны з часу абвяшчэння БНР. Літаральна на наступны дзень пасля нашага сходу — сходу, у якім узялі ўдзел людзі дастаткова шырокага непаддзяржаўнага грамадска-палітычнага сектару — у сацыяльных сетках пачалі з’яўляцца ўжо добра знаёмыя ярлыкі-абзывалкі, што зноў «папы гапоны» збіраюцца кудысьці кагосьці весці.
У сувязі з гэтым, але ніяк не прэтэндуючы на ролю нейкага «адваката» каго б там ні было, мушу заўважыць наступнае. Якраз на сходзе Рабочай групы Аргкамітэту і былі падкрэслены два істотныя моманты. Паколькі ўпершыню за доўгія гады супраціву паміж бальшынёю крытыкаў дзейнага ў Беларусі рэжыму было дасягнута пагадненне пра супольную працу дзеля паспяховага правядзення НЕПРАТЭСТНАЙ святочнай дэманстрацыі і канцэрту 25 сакавіка 2018 года, то нейкія адмысловыя лідары такога чыну прынцыпова не абвяшчаюцца і не могуць быць. Бо адзначэнне 100-й гадавіны БНР — справа ўсёй Беларусі, усяго беларускага народа, у тым ліку і тых яго прадстаўнікоў, якія працуюць у дзяржструктурах і на дзяржпрадпрыемствах, і для якіх свабода і незалежнасць краіны ёсць безумоўны закон і неадменная вартасць.

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода

Адсюль вынікае наш наступны пасыл: Аргкамітэт падкрэслівае, што пры ўсіх вядомых рэзонах і шматгадовым адмоўным вопыце, мы, арганізатары святкавання адной з найістотных датаў у найноўшай гісторыі Беларусі, спадзяемся, што ўлада хаця б гэтым разам зразумее важнасць моманту і, у адпаведнасці з існуючымі на сёння законамі і правіламі, пойдзе насустрач грамадскасці. І дазволіць правядзенне святочнай хады і канцэрту ў заяўленым Арганізатарамі фармаце, узгодненым абодвума бакамі (адпаведна сфармуляваная заяўка у бліжэйшы час будзе пададзеная ў Мінгарвыканкам).
Спадзяюся, я правільна вербалізаваў атмасферу Рабочага сходу пашыранага Аргкамітэту. Калі ж не — гатовы дэзавуяваць гэты допіс і больш не ўжываць займеннік «МЫ».

Частка другая: Зыходзячы з дзейных прычынаў

740_299796_1.jpeg


Мы дамовіліся, што галоўная масавая публічная акцыя адзначэння Акту 25 сакавіка 1918 года плануецца як НЕПРАТЭСТНАЯ, а святочная, без персаналізацыі, аднак з безумоўнай адказнасцю за правядзенне святочнага мерапрыемства, калі апошняе будзе дазволена ўладамі ўва ўзгодненым бакамі фармаце.
Застаецца разгледзіць фармат ex causa finali — з канцавой прычыны, якая на маю думку, палягае ў тым, каб, маючы пад рукамі фармальную падставу, выкарыстаць апошнюю для фактычнага, публічнага і матэрыяльнага ўвасаблення Беларускай Нацыянальнай Ідэі (у скароце — Беларушчыны) у прапанаваных абставінах.
На сходзе Рабочай групы Аргкамітэту прагучалі заклікі ісці ў дзяржкабінеты і прапаноўваць прадстаўнікам улады ўсіх узроўняў ідэі наконт ушанавання даты, надзвычай істотнай для беларускай дзяржаўнасці. Вядома, заклікі слушныя, яны працягваюць з’яўляцца ў электронных медыя і сацсетках.
Аднак я хацеў бы звярнуць увагу перш за ўсё на наш прыватны сектар, наша прыватнае жыццё. Бо, калі паглядзець на яго незамыленым вокам, дык выявіцца, што якраз тут неаранае поле, каб у незваротных маштабах стала праяўляцца БЕЛАРУСКАЯ Беларусь.
Як сказаў нехта з нашых папярэднікаў, не трэба двух, каб пачаць. У год вялікага юбілею вярніцеся, нарэшце, да мовы продкаў і пачніце гаварыць па-нашаму, па-беларуску (ужо нават адпаведныя курсы ёсць, якія дапамогуць). Яшчэ не можаце па-нашаму? Абнавіце нарэшце надмагіллі вашых дзядоў-прадзедаў па-беларуску! Думаю, там, на вышынях, ваш чын азорыць ім шлях у Вечнасці, а тут, на зямлі, мы нарэшце нават на могілках зможам жыццесцвярджальна выгукнуць наш нязменны кліч «Жыве Беларусь!». І гэта не прагучыць як аксюмаран, але як пераможная канстатацыя.

hrafici_jakija_stali_padstavaj_dlja_kryminalnaj_spravy_1.jpg


Яшчэ летась з сябрамі па руху «Разам» мы асвяцілі і ўзнялі на сцягары наш бела-чырвона-белы сцяг, які і сёння лунае над маёю прыватнай сядзібай у вёсцы Цагельня пад Мар'інай Горкай. Цяпер гонар мой крыху супакоіўся, але ён яшчэ больш палагаднее, калі людзі ў масавым парадку возьмуць на ўзбраенне мой прыклад. І ўжо ў гэтым юбілейным годзе мы зможам убачыць, як нашы сядзібы асвецяцца пранізліва-ясным, чыстым святлом нашых бела-чырвона-белых палотнішчаў, разгорнутых цалкам легальна і ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам. Калі ў каго ёсць свой сядзібны дом з участкам (а ён у многіх ёсць, не прыбядняйцеся), альбо хоць бы належным чынам дагледжанае лецішча, вы маеце цудоўную магчымасць годна адзначыць 100-гадовы юбілей БНР, узняўшы над сваёй прыватнай тэрыторыяй наш нацыянальны...

sciah_3_logo_1.jpg


І яшчэ: калі ўжо ісці да адказных чыноўнікаў дзейнага рэжыму з прапановамі, дык варта гаварыць ім сярод іншага і пра ідэю закладання садоў, паркаў, сквераў «імя 100-годдзя БНР», якое адзначаецца ў гісторыі толькі адзін раз.

Частка трэцяя: Адкрыты ліст да беларускага нацыянальнага лідара ў выгнанні Зянона Пазьняка

zianon_1_1.jpg


Паважаны Зянон Станіслававіч! Я не ведаю ўсіх нюансаў Вашага шматгадовага знаходжання за межамі Бацькаўшчыны, але, грунтуючыся на ўласным досведзе выжывання паводле Дублінскай Канвенцыі 1990 году і як грамадзянін Рэспублікі Беларусь, бяру на сябе смеласць прапанаваць Вам наведаць нашу краіну з нагоды святкавання надзвычайнай даты ў гісторыі нашага народу — 100-й гадавіны з часу абвяшчэння БНР.
Ведаю, што такая прапанова многімі нядобразычліўцамі будзе расцэненая, як «чарговая правакацыя». Гэта не навіна для мяне. Аднак я ведаю і тое, што словы без справаў мёртвыя. Вядома, не мне Вам тлумачыць, што на 24-м годзе жыцця пад рэжымам унутранай акупацыі адбываецца глыбокая сацыяльная, палітычная, канфесійная і ўрэшце духоўная атамізацыя грамадства. Перш за ўсё з прычыны нечуванага нацыянальнага прыгнёту і татальнай русіфікацыі. Дух народу сцяты ў абцугах самадура-пракуратара і яго клікі, але не да безнадзейнасці. У нас, беларускіх патрыётаў-нацыяналістаў, ёсць магчымасць перавесці патэнцыйную энергію 2018 году як Году БНР у кінетычную з пастаяннай дынамікай росту. Іншымі словамі, Вас, Зянон Станіслававіч, чакаюць нават тыя, хто ўжо даўна і незваротна паставіў толькі на ўласныя сілы. Самае кур'ёзнае, бадай, у тым, што Вашаму прыезду спрыяе і ўвядзенне так званага бязвізу на нашай заходняй мяжы. Варта толькі пісьменна выкарыстаць сітуацыю.
Не сумняваюся: калі аднойчы мы пачуем, што Зянон Пазьняк сёлета збіраецца наведаць Беларусь, то нават не дзясяткі, а сотні аўто Вашых прыхільнікаў, апалагетаў і проста суайчыннікаў гатовыя будуць сустрэць Вас на любым памежным пункце пропуску і забяспечаць належны эскорт. Менавіта Ваш прыезд у Беларусь з паўнамоцтвамі ад Рады БНР альбо ўласна яе прадстаўнікамі стаўся б найярчэйшым і найістотным момантам адзначэння сотай гадавіны з часу прыняцця Трэцяй Устаўной Граматы.
З свайго боку ў выпадку Вашага прыезду гарантую Вам самы цёплы прыём у самым цэнтры Беларусі — у Мар'інай Горцы, а таксама калектыўнае фота на фоне бела-чырвона-белага сьцяга, які і сёння лунае на сцягары на маёй беларускай сядзібе.
Спакойнага ўезду і прыязных памежнікаў, Зянон Станіслававіч!