Следчыя завялі крымінальную справу за парэзаныя колы машын сям’і Статкевіча
Следчы камітэт завёў крымінальную справу аб пашкоджанні маёмасці і пранікненні на прыватную тэрыторыю. Пацярпелымі прызнаныя сваякі – жонка і бацька – палітыка. Пра гэта «Белсату» распавяла Марына Адамовіч.

Фота Марыны Адамовіч
У ноч на 25 сакавіка побач з домам, дзе жыве сям’я Статкевіча, невядомыя прабілі колы двух аўтаў – «Форда» Адамовіч і «Опэля», які належыць бацьку Статкевіча.
З васьмі колаў двух аўтамабіляў было прабіта сем. Пакрышкі былі парэзаныя нажом – адмыслова, каб іх ужо нельга было заклеіць.

З пакрышак тырчыць корд, – звяртае ўвагу Марына Адамовіч
26 сакавіка Марына Адамовіч выклікала міліцыянтаў. Агляд прабітых колаў і складанне заявы цягнуліся каля чатырох гадзінаў.
Некалькі дзён напярэдадні 25 сакавіка побач з домам дзяжурылі міліцыянты ў цывільным. Палітыка затрымалі, калі ён выходзіў з дому ў нядзелю раніцай. Яго цэлы дзень трымалі ў Савецкім РУУС.