Слесар з Наваградка пакінуў каментар у Telegram. Яго забралі за «садзейнічанне экстрэмізму»
«Быў шок, што проста за нейкі каментар забралі. Ніхто са знаёмых, калег нас не асуджае. Людзі падтрымліваюць. Усе ў шоку, што за каментар можна трапіць у такую сітуацыю», — распавяла «Свабодзе» жонка затрыманага.
Жыхара Наваградка Руслана Кузміча затрымалі за каментар у Telegram пра зброю. Яму пагражае да 6 гадоў калоніі. Руслану Кузьмічу 38 гадоў, жанаты, дзяцей няма. Працуе слесарам-электрыкам у прыватнай фірме Наваградка. Жонка называе іх сям’ю «простай», у сэнсе «не надта палітычна актыўнай».
Як расказала жонка Руслана Анастасія, мужа затрымалі 6 кастрычніка. Яго вінавацяць паводле новага артыкула Крымінальнага кодэксу «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 арт. 361-4). За гэта яму пагражае 6 гадоў калоніі.
Даслоўна каментара мужа Анастасія не ведае, але «гэта літаральна некалькі слоў». Пра змест абвінавачання яна даведалася з навін па дзяржаўным тэлебачанні. Знаёмыя пазванілі ёй і параілі ўключыць тэлевізар. Там паведамілі, што Руслан пакінуў каментар у «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале. Пад відэа з выявай невядомага чалавека са зброяй ён напісаў нешта кшталту: «Час і нам брацца за зброю».
Ч. 1 арт. 361-4 КК Беларусі расшыфроўваецца як «вербаванне, іншае ўцягненне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». За гэта можна атрымаць да 4 гадоў «хіміі» або да 6 гадоў калоніі.
«На працы на добрым рахунку, добрасумленны, любячы», — характарызуе мужа жыхарка Наваградка.
Анастасія расказала, што ў іх звычайная, простая сям’я. Яна не можа сказаць, што яны надта палітычна актыўныя. Ці быў звязаны каментар з перастрэлкай у Мінску, падчас якой загінуў айцішнік і супрацоўнік КДБ, яна не ведае. Яны не абмяркоўвалі гэтую падзею дома з мужам, як і звычайна не гаварылі на палітычныя тэмы.
Руслана Кузьміча двойчы судзілі ў 2020 годзе за ўдзел у «несанкцыянаваных мітынгах» у Наваградку. Летась у верасні ён атрымаў штраф, а ў кастрычніку 15 дзён арышту. Жонка ведае, што Руслан выступаў супраць дзеючай улады.
Пра затрыманне мужа яна даведалася толькі ўвечары, калі вярнулася з працы. Дома правялі ператрус, забралі ўсю тэхніку. Цяпер Руслан Кузьміч знаходзіцца ў СІЗА ў Баранавічах. Адвакат яго яшчэ не наведваў, перадачу прынялі.
На пытанне, ці Анастасія паведамляла праваабаронцам пра затрыманне мужа, ці падавала звесткі, каб яго прызналі палітвязнем, жанчына адказала, што не цяміць у гэтых пытаннях і звяртацца некуды ёй не прыйшло да галавы.
«Быў шок, што проста за нейкі каментар забралі. Ніхто са знаёмых, калег нас не асуджае. Людзі падтрымліваюць. Усе ў шоку, што за каментар можна трапіць у такую сітуацыю», — кажа Анастасія.