Слонімцы хочуць назваць вуліцу імём Івана Шэгі

Сябры Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл у пятніцу, 24 лютага, распачалі ў Слоніме збор подпісаў пад прапановай ў Слонімскі раённы Савет дэпутатаў надаць адной з новых вуліц імя слонімскага доктара, грамадска-палітычнага і культурнага дзеяча Івана Шэгі, якога не стала летась ва ўзросце 63 гадоў.

shega_ivan_ivanavich_1_.jpg


У прапанове гаворыцца:
«У 2016 годзе грамадскасць Слоніма перажыла вялікую страту — пайшоў з жыцця адзін з вядомых жыхароў нашага горада, доктар Іван Іванавіч Шэга.
Іван Іванавіч Шэга прысвяціў усё сваё жыццё служэнню людзям, шмат гадоў з 1980 года быў лекарам-траўматолагам Слонімскай цэнтральнай раённай бальніцы, пазней дапамагаў людзям як заснавальнік і дырэктар недзяржаўнай інфармацыйна-кансультацыйнай установы «Шэгамедкансульт». Як выдатны спецыяліст-медык вышэйшай катэгорыі ён заслужана карыстаўся вялікай павагай жыхароў горада Слоніма і раёна. Іван Іванавіч Шэга быў абраны дэпутатам слонімскага раённага Савета дэпутатаў XXIV склікання.
Мы перакананыя, што памяць Івана Шэга павінна быць увекавечана ў назве адной з вуліц горада Слоніма. Гэта будзе данінай яго светлай памяці…».
Прапанову слонімцаў падтрымалі вядомыя палітыкі і грамадскія дзеячы Уладзімір Някляеў і Мікалай Статкевіч, якія пад зваротам таксама паставілі свае прозвішчы.
Паводле harodniaspring.org