Слонімскія актывісты паставілі ўльтыматум мясцовым уладам

Калі да 21-га кастрычніка ўлады не назавуць дату і месца правядзення круглага стала, актывісты абяцаюць правесці яго на плошчы перад райвыканкамам 25-га.

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Ілюстрацыйнае фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Як распавядае адзін з актывістаў Віктар Марчык, прапанова аб правядзенні круглага стала зыходзіла непасрэдна ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Генадзя Хоміча ў першыя дні пасля выбараў.
На думку Марчыка, улады хацелі тады, каб людзі хутчэй сыйшлі з плошчы. Актывісты абмеркавалі прапанову і далі згоду.
Яны даслалі старшыні райвыканкама пытанні, якія б хацелі абмеркаваць. Найперш гэта пра перавышэнне супрацоўнікамі міліцыі службовых паўнамоцтваў пры разгоне мірных пратэстоўцаў.
Другое – рознасць умоў для існавання дзяржаўных і незалежных СМІ. Іншыя пытанні могуць узнікаць падчас сустрэчы. Пры гэтым актывісты паставілі ўмову.
«Калі адказу не будзе да 21-га кастрычніка, то мы самі правядзем тады дадзенае мерапрыемства на вуліцы каля райвыканкама. Калі яны не прыйдуць, то мы запросім СМІ і яны ўсё роўна аб гэтым даведаюцца».
Марчык кажа, што людзі настроены так, каб абавязкова правесці гэтае мерапрыемства.
Алесь Завіноўскі, polskieradio.pl