Словы маці. Валянціна Аліневіч: праўда — яна заўжды праб’ецца

Прэмія была заснаваная Беларускім ПЭН-цэнтрам і Радыё Свабода і ўручаная на цырымоніі ў Мінску 10 снежня. Тэкст выступу маці Ігара Аліневіча, які быў уганараваны першай прэміяй імя Аляхновіча, даецца паводле дыктафоннага запісу.



valjanc_na_al_nev_ch.jpg

«Ведаеце, я нешта сентыментальнай стала апошнім часам... Расслабляцца нельга — яшчэ пяць год... Трэба неяк усё гэта вытрываць. Але вось сёння паслухала песню — і не змагла стрымаць слёзы, таму што Ігар казаў: «Адзінае што — мне будзе вельмі цяжка без музыкі...»

Мы абсалютна не  цэнім тыя рэчы, якія ёсць на свабодзе: музыку; устаць не  ў шэсць гадзінаў кожны дзень, а ў такі час, у які хочаш... Мой муж запытвае ў сына: «А ў вас лазня з парылкай ці як?» Ігар кажа: «Так, фінская саўна, турэцкая і якая хочаш... А халодны душ не  хочаш раз на тыдзень?» Але гэта ўсё канешне побытавыя дробязі жыцця.

Тыдзень таму я вярталася дахаты і ў самалёце разгаварылася з суседам па крэслах, і ён пачаў скардзіцца, якая сітуацыя ў Беларусі. Я кажу: «Каму Вы расказваеце. У мяне сын — палітвязень». Ён запытвае: «А як прозвішча?» Я назвала. Ён кажа: «Не ведаю. Бяляцкага ведаю, Аўтуховіча ведаю, Статкевіча ведаю, Саннікава ведаю, а яго — не  ведаю». Я кажу: «Ну, ён з моладзі». Ён запытвае: «Ну як ён?» Я кажу: «Ды вось, кнігу нават напісаў, “Еду в Магадан” называецца». Ён кажа: «А вось кнігу ведаю».

Я спачатку так здзівілася, але потым падумала: мне людзі пішуць з Бразіліі, з нейкіх іншых краінаў... таму што адразу гэта кніга з’явілася ў інтэрнэце, і яе перадавалі адзін аднаму. Напісалі вязні Балотнай: пра тое, што на Бутырцы ўжо тры асобнікі гэтай кнігі, і яны перадаюць кнігу адзін аднаму. Пішуць іншыя вязні, і адзін з гэтых вязняў — у мінулым даволі высокапастаўлены, але цяпер, як усе астатнія, чытае «Народную волю» — кажа, што «ў нашай калоніі ёсць адна кніга... ну, пра паездку (для цэнзуры, напэўна, так піша). І на яе — цэлая чарга. Чарга дайшла і да мяне. Шмат у чым я цалкам згодны з ім. І перадайце яму, вашаму сыну, што яна робіць сваю справу: яна расхіствае гэту сістэму і гэтыя сцены». І вось гэтыя хлапцы, якія сядзяць па «балотнай справе», таксама напісалі: «Сцены ў Мінску, у турмах Беларусі — значна крапчэйшыя, але турэмныя сцены паўсюль аднолькавыя: ці то ў Іспаніі, ці то ў Расіі, ці то ва Украіне. І мы гэта ведаем зараз з кожным днём усё лепш і лепш... на жаль».

Не хацела б я канешне атрымліваць гэту прэмію і не хацела б, каб мой сын сядзеў у турме. Але раз ужо такое здарылася — трэба ўсё, што Гасподзь дае нам, паварочваць на дабро сабе і рабіць так, каб іншыя матулі не атрымлівалі прэміі за кнігі, якія іх сыны пішуць у турмах. Я хацела б ізноў падзякаваць ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода, я б сказала нават, за грамадзянскую мужнасць, — таму што не кожны ў наш час адважыцца заявіць такую, абсалютна правільную рэч.

Радыё Свабода. Першым, каго я пабачыла ў судзе, быў Алег Груздзіловіч. «Партрэты на фоне кратаў» — Іна Студзінская. Алена Панкратава вядзе перадачу «Свабода ў турмах», і гэтую перадачу ловяць, як раней Радыё Свабода, у турмах і калоніях нашай неабсяжнай Беларусі. Вязні з Расіі просяць перакласці кнігу Бандажэўскага, для таго, каб таксама атрымаць гэты досвед: як застацца чалавекам і захаваць сваё здароўе ў турме. Вы робіце велізарную справу, і за гэта вам — вялікі дзякуй. І не  толькі ад нашых палітвязняў.

Я лічу, што гэта прэмія — не  толькі прэмія майго сына, я лічу, што гэта перш за ўсё прэмія нашых палітычных вязняў. Нізкі паклон ім. На іх глядзіць уся Беларусь. (Ну, на жаль, не  ўся, але лепшая яе частка). Акрамя гэтага, мы павінныя разумець, што звон звоніць не  толькі па іх: ён звоніць яшчэ і па ўсёй Беларусі і па ўсёй той велізарнай колькасці зняволеных, якія сядзяць у турмах нашай краіны. Ну не  можа ў нас быць столькі забойцаў, садыстаў і гвалтаўнікоў, разумееце? Нават паводле статыстыкі не  можа быць. Натуральна, мы ўжо разумеем, у чым справа.

Яшчэ хацела б падзякаваць рэдакцыі і галоўнаму рэдактару газеты «Новы час», якія першымі апублікавалі ўрывак з дзённіка майго сына. На гэта таксама трэба вялікая мужнасць. Я прапаноўвала гэта розным людзям, але, скажу вам шчыра, яны баяліся. А пасля гэта ўсё пайшло як па накатанай.

Нізкі паклон і яго сябрам, прыхільнікам, людзям, якія разумеюць, наколькі важная такая літаратура: людзям, якія за свае грошы апублікавалі гэтую кнігу. Прывезлі яе ў Беларусь, у Расію — і кніга разышлася імгненна. Гэта тое, у што Ігар верыць, — чалавечая салідарнасць. Без усялякіх, здавалася б, афіцыйных фінансавых крыніцаў — гэта атрымалася.

Разумееце, праўда — яна заўжды праб’ецца, і трэба заўжды казаць пра гэта — каб праўда заўжды гучала. Ну і дзякуй сукамернікам Ігара, якія ў нечым недзе і пацвердзілі яго думку аб справядлівасці, аб тым, што яна ўсё такі возьме верх. Анатоль Лябедзька, Аляксандар Фядута, Сяргей Марцалеў — яму, можна сказаць, пашэнціла на сукамернікаў. Напэўна, нельга так казаць, што пашэнціла, але ўсё, што ні ёсць у жыцці, усё — да лепшага.

Увогуле я хачу сказаць, што ўсе людзі, якія сядзяць у залі, і тыя, каго няма ў залі — я нават калі не бачыла іх, я ўсіх іх ўжо добра ведаю. СІЗА КДБ — гэта ўвогуле «месца сустрэчы, якое змяніць нельга». Там мы даведаліся пра вас пра ўсіх вельмі шмат. З маці Наташы Радзінай мы стаялі і шмат размаўлялі... мы не ведалі, хто з кім, але проста былі знаёмыя, але потым нашы сувязі неяк яшчэ больш умацаваліся.

Пра артыкулы Іры Халіп: Ігар казаў, што ў калоніях да яго падыходзяць людзі і кажуць: перадайце нізкі паклон усім гэтым жанчынам, якія вядуць барацьбу з рэжымам, і Ірыне, якая піша такія цудоўныя артыкулы.

Разумееце, тут усё так узаемазвязана... Як Ігар чакаў «Нашу Ніву», каб прачытаць працяг «Чарвяка» Дзімы Дашкевіча... хаця я з Дзімам і знаёмая не была — мы проста перапісваліся, але я пабачыла, які гэта цудоўны чалавек, і сама кожнае слова лавіла, таму што я ведала, што так яно і ёсць.

А «Беларуская глыбіня» Пашы Севярынца... гэта сапраўды глыбіня, глыбіня чалавечая.

«108 дзён і начэй у засценках КДБ» Анатоля Лябедзькі я так да канца і не змагла прачытаць, таму што для майго сэрца гэта ўжо вельмі цяжка... Там пра Ігара таксама шмат напісана, і зноўку усё гэта перажываць — ужо проста слоў ніякіх няма...

Вось гэтыя хлопцы, якіх мы таксама сёння пачулі, і іх мамы, і сёстры прыйшлі... я калі прыязджаю на спатканне і бачу такіх жа мам, такіх жа сёстраў — у мяне сэрца разрываецца ад таго, што адбываецца. Колькі ўвогуле нашых хлапцоў гніе ні за што… Вялікі дзякуй усім, бо гэта ўзнагарода ўсіх вас! Вялікі дзякуй усім вам!

І самае галоўнае. У свой час я прачытала «Архіпелаг ГУЛАГ», і мне не трэба было ніякіх «Міжнародных амністый» і нейкіх адметных даследаванняў, каб зразумець, што гэта сістэма нічога з сябе не ўяўляе. У мяне рухнула ўсё, што было ў галаве да гэтага: бальшавізм, сацыялізм і іншае. Я спадзяюся, што нашы творы (хоць гэта і не Салжаніцын... дарэчы, мы вось з Наташай два дні таму даведаліся, што і Алесь, і Ігар адначасова цяпер чытаюць Салжаніцына — напэўна, каб зразумець вытокі...) таксама расхістаюць гэту сістэму. Чым больш яны будуць пісаць, а ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода іх будзе публікаваць — тым хутчэй мы дачакаемся, што гэта сістэма рухне.

Жыве Беларусь!"

Ігар Аліневіч нарадзіўся 24 верасня 1983 года. Спецыяліст у галіне радыёэлектронікі. 28 лістапада 2010 года гвалтоўна выкрадзены ў Маскве і змешчаны ў СІЗА КДБ Беларусі. 27 траўня 2011 года асуджаны на 8 гадоў зняволення па абвінавачанні ў злосным хуліганстве і пашкоджанні маёмасці ў асабліва буйным памеры. Утрымліваецца ў калоніі № 10 у Наваполацку.

www.svaboda.org