Смерць у кайданках. Як год таму ў Гомелі загінуў Аляксандар Віхор. Фільм Свабоды

У гадавіну смерці Аляксандра Віхора Радыё Свабода пагаварыла з роднымі і прачытала сведчанні тых, хто быў побач з маладым чалавекам апошнія тры дні ягонага жыцця, і вывучыла матэрыялы праверкі Следчага камітэту.

abf9017d_81f7_413a_a513_8bd22d589c33_w1023_r1_s.webp


12 жніўня 2020 году ў Гомелі загінуў 25-гадовы Аляксандр Віхор. Вечарам 9 жніўня яго затрымаў АМАП. Трое сутак маці нічога не магла даведацца пра сына. 12 жніўня міліцыя паведаміла, што Аляксандр памёр у рэанімацыі.


Спачатку распаўсюдзілі плёткі, што Аляксандр нібыта быў наркаманам. Эксперты прыйшлі да высновы, што ані алкаголю, ані наркотыкаў у крыві маладога чалавека не было. Праверка цягнулася да вясны 2021 году. Па выніках бацькі атрымалі адказ, што ніхто не вінаваты ў смерці сына.
Афіцыйна: «У Віхора востра ўзнікла парушэнне сардэчнага рытму». А цялесныя пашкоджанні — шматлікія гематомы, пераламаныя рэбры і грудзіна, а таксама «недахопы ў аказанні медычнай дапамогі» «у прычынна-выніковай сувязі не знаходзяцца».
Увесну маці вывучыла і перапісала ад рукі шэсць тамоў праверкі. Кожны — каля 250 аркушаў.
З праверкі стала вядома, што сведкі затрымання казалі пра тое, што Аляксандра моцна збівалі супрацоўнікі міліцыі і АМАП, што ён прасіў медычнай дапамогі — а ў адказ атрымліваў чарговыя ўдары, што ён губляў прытомнасць і трызніў, што пры чарговым пагаршэнні ягонага стану міліцыянты запырскалі Аляксандра пярцовым газам.
«А што рабіць з гэтым?», — спытаўся адзін міліцыянт у другога, маючы на ўвазе Аляксандра Віхора, які ляжаў без прытомнасці ў аўтазаку. «Хай здыхае», — адказаў міліцыянт», — распавёў Свабодзе адзін са сведкаў, які быў разам з Віхорам у аўтазаку.

Пахаванне Аляксандра Віхора.

Пахаванне Аляксандра Віхора.

Калі Аляксандра прывезлі ў псіхіятрычны шпіталь у ноч з 11 на 12 жніўня, то супрацоўнікі міліцыі таксама паведамілі лекару, што ён «пад наркотыкамі». Калі Аляксандру зрабілася яшчэ горш, ён фактычна паміраў, міліцыянты нарэшце выклікалі «хуткую» і паведамілі праз тэлефон пра Віхора: «Вкусняшек наелся», імаверна, маючы на ўвазе наркатычнае атручэнне.
«Сын паміраў у канвульсіях на падлозе псіхіятрычнага шпіталю, куды яго прывезлі міліцыянты, а яны здымалі гэта на тэлефон, і суправаджалі зняважлівымі каментарамі! Час ішоў, а міліцыянты не хацелі везці Сашу ў рэанімацыю на сваім аўтамабілі, бо баяліся, што ён памрэ, і чакалі «хуткую», — распавядала Свабодзе Святлана Віхор, маці загінуўшага.

Улётка, прысвечаная забітаму ў Гомелі Аляксандру Віхору.

Улётка, прысвечаная забітаму ў Гомелі Аляксандру Віхору.


І праз год родныя не вераць у афіцыйную версію і ўпэўненыя, што іх блізкі чалавек памёр ад збіцця і гвалту. «Выходзіць, вінаватых няма... Я хацела бы паглядзець у вочы тым міліцыянтам... У іх жа таксама ёсць дзеці, дочкі, сыны», — кажа Вольга Віхор, сястра Аляксандра.