СМІ: З беларускай арміі не дэмабілізуюць салдат тэрміновай службы
«Р*дыё Р*цыя» піша, што з беларускай арміі не дэмабілізуюць салдат тэрміновай службы. Гэта стала вядома з неафіцыйных, але дакладных крыніц. Такая сітуацыя насцярожвае ў сувязі з вайной ва Украіне, у якой прымае ўдзел расейская армія, часткі якой зайшлі на тэрыторыю Беларусі з дазволу Лукашэнкі.
Медыя паведамляе, што беларускіх салдат тэрміновай службы не хочуць адпускаць з арміі пасля заканчэння тэрміна службы. Вайсковае камандаванне прапаноўвае падпісаць кантракт і працягваць службу ў арміі.
Нежадаючым прыняць такую прапанову армейскага начальства паступаюць пагрозы. Ім ставяць да ведама, што ўсё роўна яны працягнуць служыць, але ўжо па мабілізацыйным прадпісанні, з магчымым удзелам у ваенных аперацыях з усімі вынікаючымі. То-бок, трэба разумець, без гарантый грашовай дапамогі падчас службы і выплат сям´і ў выпадку смерці або калецтва. Нежадаючыя заставацца ў арміі шукаюць выхад з гэтай сітуацыі.
Калі вам вядома пра такія выпадкі, распавядзіце нам, калі ласка. Гэта можна зрабіць праз наш бот у тэлеграме @novychas_bot. Ананімнасць абяцаем.