Спачатку засудзілі бацьку, потым адправілі ў калонію непаўналетняга сына (дапоўнена)

Суд Жлобінскага раёна 28 чэрвеня пачаў разгляд крымінальнай справы непаўналетняга Данііла Калеснікава, якога абвінавачваюць у «арганізацыі або актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (арт. 342 КК).

zhlobin_sud_02.jpg

У гэтым годзе хлопец скончыў 11 класаў сярэдняй школы ў Барысаве.
Суддзя — Мікалай Сяргіевіч, дзяржабвінаваўца — пракурор Панчык.
У ноч з 9 на 10 жніўня 2020 года Данііл разам з бацькам Віталём Калеснікавым пайшлі ў цэнтр горада на плошчу. Яны стаялі там разам у счэпцы ў першым шэрагу. І не толькі...

Спачатку асудзілі бацьку

Бацьку асудзілі спачатку па артыкулах за «хуліганства» (арт. 339) і за «ўцягванне непаўналетняга ў здзяйсненне злачынства» (арт. 172 КК). Бо ў тую ноч нецвярозы бацька ў двары дома ў 17 мікрараёне распачаў бойку з мінаком і ўцягнуў у яе свайго сына.
Пазней, 28 траўня ў судзе Жлобінскага раёна дадалі яшчэ паўгода за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.
Як стала вядома з матэрыялаў справы, пасля гэтага выпадку маці з бацькам развяліся і яна пераехала жыць з двума сынамі ў Барысаў. Але неўзабаве супрацоўнікі міліцыі вылічылі і сына.
Сведкаў па справе было заяўлена больш за 20 чалавек. Апыталі каля дзесяці: былую класную кіраўніцу, сяброў, як хлопцаў, так і дзяўчат, якім было летась па 15-16 гадоў і з якімі ён сазвоньваўся 9 жніўня перад гэтымі мітынгамі.
Таксама апытвалі супрацоўнікаў аўтапарка, паколькі абвінавачванне сцвярджае, што сваімі дзеяннямі Даніла нанёс шкоду рабоце грамадскага транспарту. Сведкі з боку аўтапарка вельмі пазітыўна настроеныя, ніякіх прэтэнзій (у тым ліку і матэрыяльных) да хлопца не маюць. Больш за тое, кіроўцы аўтобусаў гаварылі, што дарогу перакрылі не ўдзельнікі акцыі, а супрацоўнікі ДАІ. Пасажыраў позна вечарам было мала, і ніхто з іх ніякіх прэтэнзій не выказваў і скаргаў не падаваў. Шкоды аўтапарку нанесена не было.
Былая настаўніца і сябры характэрызавалі Данііла станоўча: з дзяцінства займаецца хакеем, удзельнічаў у спаборніцтвах, здольнасці ў яго ёсць — і таму вучыўся добра, — адкрыты, з развітай эмпатыяй. Усе з апытаных сведак гаварылі толькі добрае.
Адна з апытаных дзяўчат сказала, што ўсе з сацсетак ведалі «что что-то будет, но в этом не надо участвовать» і яна пра гэта гаварыла з Даніілам па тэлефоне 9 жніўня.
Тады пракурорка Панчыц пачала дзяўчыну заблытваць пытаннямі і сказала, што «на допыце, падчас папярэдняга следства, яна гаварыла, што тэлефанавала Даніілу ў той момант, калі ён бег і сказаў дзяўчыне, што ўцякае ад міліцыіі». Дзяўчына спачатку разгубілася, але пасля сказала, што яна такога не памятае і такога не гаварыла. Тады пракурорка сказала, што ў матэрыялах справы ёсць пратакол яе допыту і пад ім напісана «з маіх слоў запісана і мною прачытана». Дзяўчына зноў сказала, што не ведае, як тая фраза туды патрапіла, але яна такога не гаварыла.
Пракурорка Панчыц запатрабавала пакараць Данііла Калеснікава пазбаўленнем волі тэрмінам на паўтара года ў выхаваўчай калоніі і ўзяць пад варту ў залі суда.
Адвакат катэгарычна супраць. Сказаў, што ў яго практыцы яшчэ не было такога, каб такая ўстанова хоць некага выхавала. Сказаў, што калоніі ламаюць лёсы маладым людзям.
Дапоўнена:
Пасля перапынку суддзя абвяшчае прысуд — адзін год і тры месяцы выхаваўчай калоніі. Калеснікава — арыштаваць у зале суда. Вярнуць асуджанаму ровар і тэлефон.

spring96.org