Спадар Генадзь

Са спадаром Генадзем заўсёды было лёгка. Негледзячы на розніцу ва ўзросце, статусе ды яшчэ чым.



buraukin08.jpg

Такіх светлых людзей – добрых, інтэлігентных, спакойных – шмат не бывае, тым больш у цяперашнія досыць хмурныя часы. У спадара Генадзя было багата падставаў забранзавець, але ён пазбег той спакусы, і да апошняга дня заставаўся сапраўды залатым чалавекам.

Бураўкіна не шанавалі цяперашнія ўлады, але ён быў шчаслівейшы за тых, хто, караскаючыся па драбінах вертыкалі, атрымлівае знакі ўвагі ад высокапастаўленых кіраўнікоў.

Сакрэт гэтага шчаслівага лёсу палягае ў тым, што спадар Генадзь жыў любоўю. Любоўю да Беларусі, да сваёй каханай Юліі, да дачкі, сына і унукаў, сяброў і калегаў.

Здавалася б, вельмі просты рэцэпт. Але ж сёння мала хто ім карыстаецца. У грамадстве усё больш нянавісці: дробнай, пабытовай. Гэтая атрута ўжо ператварыла шмат тутэйшых у жывых мерцвякоў, і трэба мець зайздросны душэўны імунітэт, каб супрацьстаяць ёй…

Са спадаром Генадзем было лёгка нават тады, калі яму было вельмі цяжка. За тыдзень да адыходу, калі ён усё разумеў і нават вызначыў дакладны тэрмін, колькі засталося, Бураўкін жартаваў і смяяўся. І 40 дзён таму спакойна ўзышоў на ладдзю роспачы.

Хай цяпер Вам, спадар Генадзь, будзе лёгка ў лепшым свеце. Міне час, і Вы пабачыце адтуль лепшую Беларусь – тую, пра якую марылі, якой прысвяцілі жыццё.

Аляксандр Старыкевіч, gazetaby.com