Спёка і штармавое папярэджанне: як выратавацца
У бліжэйшыя дні ў Беларусі слупок тэрмометра падымецца да +32° С. Белгідрамет прагназуе дажджы і навальніцы, падчас якіх магчымы штармавы вецер. Краіна апынулася на перыферыі скандынаўскага антыцыклону.

У нядзелю, 29 ліпеня, месцамі, пераважна па паўднёвым захадзе, пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы. Вецер усходні ўмераны, пры навальніцах парывісты.
Тэмпература паветра мінімальная ноччу +15 .. + 21° С, максімальная днём +27 .. +32° С.
У панядзелак, 30 ліпеня, у асобных раёнах краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы і навальніцы з моцнымі парывамі ветру.
Тэмпература паветра мінімальная ноччу +15 .. + 21° С, максімальная днём ад + 26° С па паўночным усходзе да +32° С па паўднёвым захадзе краіны.
Як не расплавіцца ў гэтыя дні? Адмыслоўцы рэкамендуюць прытрымлівацца некалькіх простых правілаў.
Піць шмат звычайнай негазаванай вады — не меней за 2-2.5 літра. Салодкія, газаваных і алкагольных напояў лепей выключыць. А вось гарачая гарбата будзе дарэчы.
Скараціць час знаходжання на вуліцы, пазбягаць адкрытага сонца. З 12:00 да 16:00 сонца найбольш актыўна. У гэты час пажадана абараняць ўсе ўчасткі цела ад сонечных прамянёў — выкарыстоўваць закрытую адзежу і сонцаахоўныя крэмы, насіць галаўныя ўборы.
Не выкарыстоўваць ці скараціць да мінімуму дэкаратыўную касметыку. Пырскаць сабе ў твар тэрмальнай вадой. Насіць лёгкую і свабодную вопратку з натуральных тканін.
Выкарыстоўваць халодныя кампрэсы або абкручванні, мокрыя халодныя ручнікі, абціраць цела прахалоднай вадой, рабіць прахалодныя ванначкі для ног, прымаць халаднаваты душ. На вуліцы хаця б абгарнуць галаву мокрай тканінай.
Пазбягаць інтэнсіўнай фізічнай нагрузкі.

Днём зачыняць вокны і завешваць іх шторамі, асабліва калі яны выходзяць на сонечны бок, і адкрываць на ноч, калі тэмпература паветра на вуліцы ніжэй, чым у памяшканні. Выкарыстоўваць электрычныя вентылятары ці рабіць перыядычна скразняк.

Не пакідаць дзяцей і жывёл у прыпаркаваных транспартных сродках (гэтае правіла тычыцца і не спякотных дней).

Між тым, як мы ўжо пісалі, экстрэмальнае надвор'е на еўрапейскім кантыненце можа штогод забіраць жыцці 152 тыс. чалавек да канца гэтага стагоддзя, калі не будуць прыняты меры па барацьбе з кліматычнымі зменамі.
Гэтая лічба ў 50 разоў перавышае цяперашнюю колькасць ахвяр стыхіі, папярэджваюць навукоўцы Аб'яднанага даследчага цэнтра Еўрапейскай камісіі ў спецыялізаваным выданні "Lancet Planetary Health".

Тэмпература паветра ў Мадрыдзе, 2017
Анамальная спякота з'яўляецца прычынай 99% усіх смерцяў, звязаных з надвор'ем, і вялікая іх частка прыпадае на поўдзень Еўропы.
Эксперты Аб'яднанага даследчага цэнтра Еўрапейскай камісіі ў сваім даследаванні папярэджваюць аб тым, што калі не будуць прымацца меры па скарачэнні парніковых выкідаў і паслаблення ўздзеяння экстрэмальных з'яў надвор'я, то наступствы могуць быць такімі:
— смерці ў выніку экстрэмальнага надвор'я могуць узрасці з 3 тысяч у 1981-2010 да 152 тысяч у перыяд 2071-2100;
— да 2100 года дзве траціны еўрапейцаў будуць пакутаваць ад стыхійных бедстваў, тады як у пачатку XXI стагоддзя гэтая доля складала 5% еўрапейскага насельніцтва;
— больш людзей будзе гінуць у выніку прыбярэжных паводак: 233 чалавека ў год да канца стагоддзя ў параўнанні з шасцю ў пачатку стагоддзя.