Справа аб крадзяжы зброі ў Баранавічах: затрымана ўжо 20 чалавек

Расследаванне справы аб выкраданні зброі і боепрыпасаў у адной з вайсковых часцей Баранавічаў працягваецца, ужо затрымана 20 чалавек, паведамілі ў Следчым камітэце. Абвінавачаныя даюць прызнальныя паказаньні, піша Свабода.

baranovichi.jpg


Пра тое, што ў адной з вайсковых часцей Баранавічаў адбываліся крадзяжы зброі і боепрыпасаў, недзяржаўныя СМІ паведамілі 6 жніўня. Пазней факт крадзяжу пацьвердзілі ў Мінабароны і Сьледчым камітэце.
8 жніўня СК паведаміў, што па справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах затрыманыя 14 чалавек. Ініцыятарам узбуджэння крымінальнай справы стаў камандзір часці.
Таксама на пачатку жніўня стала вядома, што адзін з фігурантаў справы — 24-гадовы прапаршчык Дзмітры К., які, паводле папярэдняй інфармацыі, выносіў зброю з тэрыторыі часці. Родныя Дзмітрыя яго віну катэгарычна адмаўляюць. Як расказала ў размове з журналістам парталу Tut.by маці Дзьмітрыя Ларыса, яе сын увесь час аддаваў службе і жыў вельмі сціпла. Пра затрыманне сына яна даведалася праз пяць дзён, калі да яе з ператрусам прыехала следчая група.
Як стала вядома Свабодзе, следчыя дзеянні па справе аб крадзяжы зброі ў Баранавічах працягваюцца дагэтуль. Колькасць затрыманых па ёй асобаў павялічылася да 20 чалавек.
«Выяўлена 20 чалавек, якія маюць дачыненне да здзяйсьненьня супрацьпраўных дзеянняў, — сказаў Свабодзе кіраўнік аддзелу інфармацыі Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч. — Адзін з іх затрыманы на тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі з выкрадзенай зброяй. Вырашаецца пытанне аб яго экстрадыцыі. Фігуранты справы даюць прызнальныя паказанні. Уся выкрадзеная зброя выяўленая і сканфіскаваная», — сказаў Кабаковіч.
Расследаваньне крымінальнай справы працягваецца. Калі яе перададуць у суд, пакуль невядома.