Справа Фаміных: сварка з супрацоўнікам міліцыі перарасла ў бойку

Сёння на 10 гадзін раніцы прызначаны працяг судовага пасяджэння па справе Фаміных

Пад час суду над Алегам і Настассяй Фамінымі

Пад час суду над Алегам і Настассяй Фамінымі


Яшчэ адна крымінальная справа за гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі пачала разглядацца ў судзе Ваўкавыскага раёна. На лаве падсудных — сям'я Фаміных.
Крымінальную справу за гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі распачаў 19 лістапада суд Ваўкавыскага раёна. Яна заведзеная на мужа і жонку Алега і Настассю Фаміных па артыкуле 364 КК РБ (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Справу разглядае суддзя Мікалай Талашка. Пацярпелым выступае супрацоўнік міліцыі Вячаслаў Іваноў.
Паводле слоў міліцыянта, 15 жніўня гэтага года, калі ён сыходзіў з юбілея бацькі, да яго падыйшоў Алег Фамін, назваў фашыстам, абразіўшы гэтым, і абяцаў фізічную расправу. Пасля чаго завязалася сварка і ўрэшце бойка. Да бойкі у нейкі момант далучылася Настасся Фаміна, жонка Алега. Таксама Іваноў заявіў на судзе матэрыяльныя прэтэнзіі Алегу Фаміну ў памеры 2 000 рублёў, за прычыненыя маральную і фізічную шкоду.
Фаміны сваёй віну не прызнаюць і лічаць, што бойку пачаў сам Вячаслаў Іваноў.
Алег Фамін утрымліваецца пад вартай са жніўня, Настасся — пад падпіскай аб нявыездзе.