Справа Шарамета: 8 лютага следства паведаміць першыя вынікі
Кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных спраў і Нацыянальнай паліцыі Украіны абяцаюць сёння паведаміць ход расследавання забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета.
Як паведамляецца, у прэсавай канфэрэнцыі, якая адбудзецца сёння ў другой палове дня ў Кіеве, возьмуць удзел міністр унутраных спраў Арсен Авакаў і кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі Украіны.
Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства.
Украіна звярнулася па дапамогу да Фэдэральнага бюро расследаванняў ЗША, якое мелася правесці некаторыя экспертызы. Пра вынікі гэтых экспертызаў дагэтуль нічога не вядома.
У рамках расследавання былі апытаныя сотні людзей. Акрамя таго, следства канфіскавала відэазапісы, якія зафіксавалі людзей, што падкладалі выбухоўку ў машыну. Фотаробаты гэтых людзей дагэтуль не апублікаваныя, як і звесткі пра іх.
Увесь час пасля забойства паліцыя і кіраўнікі спецслужбаў не выдавалі ніякай інфармацыі, заяўляючы, што гэта можа нашкодзіць следству.
Яшчэ ў ліпені Генэральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка назваў асноўнай версіяй забойства Шарамета расплату за ягоную прафесійную дзейнасць.
«Українська правда» высветліла, што ў справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета следства распрацоўвала адну з версіяў, паводле якой да забойства датычныя ўкраінскія баявыя батальёны.
Сёлета ў студзені Пячэрскі раённы суд Кіева зноў пачаў разглядаць запыты следства на доступ да інфармацыі пра абанэнтаў тэлекамунікацыйных паслуг пяці ўкраінскіх мабільных апэратараў — «Кіеўстар», «МТС-Украіна», «Укртэлеком», «Трымоб» ды «Лайфсел». У адным з такіх хадайніцтваў следчыя атрымалі доступ да інфармацыі пра некалькі замежных абанентаў — па адным з Беларусі, Польшчы, Нямеччыны і Літвы і па двух нумарах з Расіі.
22 студзеня Служба бяспекі Украіны прадухіліла арганізаваны з тэрыторыі Расіі замах на жыцьцё дэпутата Вярхоўнай Рады Антона Герашчанкі, а праваахоўныя органы пачалі правяраць магчымую сувязь гэтага злачынства з забойствам Паўла Шарамета.
Павал Шарамет — беларускі, расійскі і ўкраінскі журналіст тэлебачання, радыё і перыядычных выданняў, у 1990-х — 2000-х гадах кіраўнік аддзелу спецыяльных інфармацыйных праектаў расійскага тэлеканалу ОРТ, пасля — «Першага каналу» ў Расіі. Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданні «Українська правда», а таксама на радыё «Вести».
Паводле svaboda.org