Справа Уладзіміра Жыхара: «Мінсктранс» прад'явіў прэтэнзію у памеры 30 тысяч рублёў
Суд Савецкага раёна Мінска 16 красавіка працягвае разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіміра Жыхара, які нібыта выхапіў у супрацоўніка міліцыі траўматычны пісталет «Аса» і нанёс цялесныя пашкоджанні некалькім амапаўцам.
Яго вінавацяць адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса:
- ч. 1 арт. 342 КК («Арганізацыя або актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
- арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»);
- ч. 2 арт. 206 КК («Рабаванне, спалучанае з гвалтам, альбо з пагрозай прымянення такога гвалту»).
Справу разглядае суддзя Аляксандр Якунчыхін. Дзяржабвінаваўца — пракурор Анастасся Маліко.
Па справе праходзяць восем пацярпелых супрацоўнікаў АМАПа: Дзямідаў, Кісялёў, Грыбоўскі, Колчын, Назараў, Леснікоў, Бурак, і Крукаў.
Сёння ў судзе выступае прадстаўнік прадпрыемства «Мінсктранс», які прад’явіў Жыхару матэрыяльную шкоду з-за перабояў у працы грамадскага транспарту ў памеры 30 тысяч 1 рубель 82 капейкі.