Старшыня АБСЕ заклікала да вызвалення Пратасевіча, сітуацыя з рэйсам Ryanair будзе абмеркаваная на саміце ЕС
Працягвае паступаць міжнародная рэакцыя на сітуацыю з рэйсам Ryanair і затрыманне Рамана Пратасевіча.

Ан Ліндэ, міністарка замежных спраў Швецыі, якая цяпер старшынюе ў АБСЕ, заявіла ў Твітары:
«Глыбока трывожныя паведамленні аб тым, што ў Мінску быў прымусова пасаджаны грамадзянскі самалёт для арышту журналіста Рамана Пратасевіча. Цалкам недапушчальныя і безразважныя паводзіны. Беларусь мусіць неадкладна вызваліць Пратасевіча. Абмяркуем магчымыя наступствы з калегамі ў ЕС», — цытуе Ліндэ Радыё Свабода.
Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў Еўрасаюза абмяркуюць на саміце 24 траўня інцыдэнт з прымусовай пасадкай у Менску самалёта кампаніі Ryanair і магчымыя санкцыі ў сувязі з ім. Пра гэта паведаміў у Твітары прадстаўнік Еўрасаюза Барэнд Лэйтс.
«Старшыня Еўрапейскага саюза заўтра паставіць пытанне аб прымусовай пасадцы рэйсу Ryanair ў Мінску. Наступствы і магчымыя санкцыі будуць абмяркоўвацца».
У аэрапорт Вільні, дзе прызямліўся прымусова пасаджаны ў Мінску рэйс, прыехала прэм'ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце.