Старшыня БСДП Барысаў выйшаў пасля 15 сутак: На Акрэсціна людзей труцяць хлоркай, у камеры Казлова ў хлопцаў былі апёкі

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Ігар Барысаў адбыў пятнаццацісуткавы арышт. Палітыка затрымалі напярэдадні Дня Волі, ён быў адным з заяўнікоў вулічнай акцыі да гэтай даты. Сваімі ўражаннямі ад адбыцця пакарання Барысаў падзяліўся з «Нашай Нівай».

Фота Радыё Рацыя

Фота Радыё Рацыя


«У нядзелю, 21 сакавіка, выйшаў разам з дачкой і жонкай з дому. Збіраліся ехаць у "Дана Мол", мы тут побач жывём. Сеў за стырно, на вуліцы Парніковай да ўскрайку дарогі нейкі бусік стаў прыціскаць наш аўтамабіль. Спераду стаяла машына дарожнай службы, таму атрымалася, што мяне ўзялі вось у такую "скрыначку".
Адчыняюцца дзверы мікрааўтобуса, невядомыя нападаюць на машыну, барабаняць па шкле, дзёргаюць за ручку, ствараюць гукавы эфект. Я адчыніў акно і пытаюся: "Што вам трэба?" Яны кажуць, каб глушыў аўто і выходзіў. Нічога яны не тлумачылі. Пасадзілі ў мікрааўтобус і павезлі. Жонку з дзіцём у машыне фактычна кінулі пасярод дарогі.
Адвезлі мяне кудысьці ў лес, там сталі вырашаць, што рабіць, спыталі нарэшце, ці мае жонка правы. Ніхто не прадстаўляўся, здымалі мяне ўвесь час на відэа. Пыталіся, хто я такі, ці маю пашпарт. Пракансультаваліся па рацыі і павезлі мяне ў Партызанскае РУУС.
У пастарунку ўключылі дурня: што не ўяўляюць, чаму мяне затрымлівалі, за што, хто такі. На тры гадзіны пасадзілі ў "малпоўнік", зноў не тлумачылі, за што я затрыманы. Праз нейкі час з’явіўся лейтэнант Карпенка, які азнаёміў мяне з адміністрацыйнай справай. Паводле яе, я затрыманы каля Партызанскага РУУС, я не падпарадкаваўся законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі, ухапіўся за сядзенне і не хацеў выходзіць з аўто, калі мяне даставілі. А прычына затрымання — яны хацелі спраўдзіць маю асобу.
Пасля гэтага павезлі ў ІЧУ на Акрэсціна. Закінулі ў агульную «хату», дзе было на пяць месцаў дванаццаць чалавек: сем "бытавушнікаў" і пяць "палітычных". Расказвалі анекдатычны выпадак, як трое "бытавушнікаў" узбунтаваліся наконт умоў утрымання. Іх прывялі ў камеру да "палітычных", яны пастаялі дваццаць хвілін у праходзе і пачалі назад прасіцца. Дзяжурны на гэта сказаў: "Ну што, вам умовы не падабаюцца?" Ці яшчэ адна байка. Траіх бамжоў уводзяць у камеру і тыя бачаць, што там адбываецца: "Блін, да "палітычных" трапілі".
Натуральна, што ні матрацаў не было, ні ветрання. Там прабыў суткі да суда. Калі атрымаў 15 сутак, то перавялі ў суседні будынак ЦІП. Там ёсць такая асаблівасць: усіх труцяць хлоркай. Пасля ранішняга "шмону" ў камеру заходзілі, раскідвалі рэчы, бралі вядро з хлоркай, вылівалі яго на падлогу і адразу ж выходзілі. Хлопец, які сядзеў там даўно, казаў, што такое адбываецца кожны дзень. Ты мусіш імгненна пачынаць дыхаць праз якую анучку ці майку. Потым усе сядзяць з галаўным болем, бо проста невыносна.
Мне расказвалі хлопцы, якія сядзелі разам са старшынёй АГП Мікалаем Казловым, у якіх умовах яго трымаюць. Яго кінулі ў карцар 2 на 3, там сядзіць шэсць чалавек, голая падлога, ім яшчэ смярдзючага бамжа закінулі. Нам адно вядро хлоркі кідалі, у камеру Казлова — два. Я бачыў хлопцаў з той камеры, дык там апёкі твару, распухла ўсё. Яны літаральна святла не бачылі, усё вельмі жорстка.
Потым мяне этапам даставілі ў Жодзіна, кінулі ў «хату» на дзесяць месцаў, мяне дзясятым. Усе былі "палітычныя", кампанія адэкватная: тры магістры, шэсць чалавек свабодна англійскай валодаюць.
Сядзеў разам з бамжом, якога ўзялі за "Жыве Беларусь!" на станцыі "Магілёўская".
Спачатку ўсё было нармальна, ахоўнікі занялі пазіцыю: вы робіце ўсё, што мы просім, і мы вас не чапаем. Прасілі не сядзець на нарах днём, своечасовы адбой, не бадацца з імі. Пасля 26 сакавіка цалкам змянілася палітыка. Да нас у камеру спачатку аднаго, потым — другога. Стала пятнаццаць чалавек на дзесяць месцаў. Хлопцы спалі проста на падлозе. Спачатку ў нас былі і матрацы, і бялізна, кніжкі можна было чытаць, на прагулкі вадзілі, у душ два разы.
Адзін з ахоўнікаў крычаў: "Навошта вы кнопкі ціснеце, што вам чагосьці не дадалі? Вас тут 400 чалавек, мы не спраўляемся!" Нам не далі павячэраць: на 15 чалавек прынеслі пяць рыбак, запяканку і два кубкі гарбаты. Ну як гэта на ўсіх дзяліць? Мы ад усяго адмовіліся. На наступны дзень усёй камерай напісалі 40 скаргаў на імя начальніка ўчастка. У яго знесла дах, прыбег, крычаў, што дадасць яшчэ людзей у камеру. Чапляліся, што няправільна матрацы ляжаць, а на наступны дзень увогуле ўсё забралі, пагражалі, што забяруць перадачы. Начальнік камандаваў, каб не было нічога мяснога, бо гэта хутка псуецца, а да 4 красавіка трэба з’есці ці знішчыць усе сухафрукты і арэхі. Маўляў, калі не з’ясцё, то ўсё будзе выкінута. У нядзелю ў нас быў грандыёзны шмон, шукалі арэхі, гарбату, усё на свеце.
Пасля 27 сакавіка забралі ўсе сшыткі, кнігі, ручкі. Фактычна, пакінулі нас сам-насам з пустой камерай. У пятніцу, 2 красавіка, троху некаторых памялі падчас ранішняга агляду — мы мяркуем, што гэта былі амапаўцы. Аднаму хлопцу з камеры так ногі адбілі, што не мог стаяць. Калі звяртаешся па медыцынскую дапамогу, то абсалютны ігнор. Бомж Саша з "Магілёўскай" паўтара сутак трымаў сухую галадоўку, каб яму доктара далі.
Музыка ўвесь час, грае «Слухай бацьку» і ўся агрападборка, ад якой галава трашчыць. Спалі са святлом. Былі начныя пераклічкі, прычым часам па некалькі разоў. Псіхалагічны і фізічны ціск быў увесь час — гэта катаванні.
Перасёкся быў з маладафронтаўцам Урбановічам. Ён кажа: «Толькі прачытаў, што цябе затрымалі, як мяне акружылі». Калі выходзіў, то зрабілі поўны агляд, у мяне было некалькі цыдулак ад сукамернікаў — забралі кантакты. Я так і не зразумеў, за што я адсядзеў гэтыя 15 сутак».