Старшыня Следчага камітэта: На целе Коржыча не выявілі слядоў пабояў

Старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч заявіў, што на целе загінулага ў вайсковай частцы ў Печах 21-гадовага салдата Аляксандра Коржыча не выявілі слядоў пабояў. Ён спасылаецца на вынікі экспертызы. Паводле яго слоў, на целе былі толькі сляды ад пятлі. Іншыя плямы, якія бачылі сваякі і сябры Коржыча — гэта трупныя плямы, якія ўзнікаюць пасля смерці чалавека, адзначыў Наскевіч.

Іван Наскевіч. Фота: БЕЛТА

Іван Наскевіч. Фота: БЕЛТА

Як вядома, справа Аляксандра Коржыча нядаўна ўсхвалявала беларускае грамадства. Хлопца знайшлі павешаным у падвале будынка ў вайсковай частцы. Як заявіў Следчы камітэт, на яго галаву была нацягнутая майка, а ногі былі перавязаныя. Разглядаюцца тры версіі прычыны смерці — самагубства, давядзенне да самагубства і наўмыснае забойства. Сярод вайскоўцаў ёсць затрыманыя. Расследаванне знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка дзяржавы.
Наскевіч паведаміў, што па факце гібелі Коржыча распачалі 13 крымінальных спраў.
Паводле Еўрарадыё