Старшыню Саюзу палякаў вызвалілі ад адказнасці за арганізацыю кірмашу на Казюкі

Старшыню непрызнанага дзяржавай Саюзу палякаў Беларусі (СПБ) Анжаліку Борыс вызвалілі ад адказнасці за арганізацыю традыцыйнага кірмашу, паведамляе svaboda.org са спасылкай на БелаПАН.

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода


Суд Ленінскага раёну Горадні 23 красавіка спыніў адміністрацыйную справу супраць Борыс.
Справу разглядала суддзя Алена Пятрова. У якасці сьведкаў выступілі міліцыянты.
У судзе лідарка неафіцыйнага СПБ назвала працэс камедыяй і заявіла, што ён палітызаваны. За ім, паводле яе меркаваньня, стаіць КДБ.
«Гэта ўдар па польскай меншасці ў Беларусі, па польскай культуры», — адзначыла Борыс.
Борыс дадала, што працягне займацца папулярызацыяй польскай мовы і культуры.
«Тое, чым я займалася, буду займацца далей, хочаце — судзіце, хочаце саджайце», — сказала кіраўніца непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў.
Падтрымаць Борыс у судзе прыйшлі каля ста чалавек, сярод іх палітык Аляксандар Мілінкевіч, журналіст Анджэй Пачобут, экс-старшыня СПБ Тадэвуш Гавін. Усе прысутныя не змясціліся ў залі.
Суддзя пастанавіла вызваліць Анжаліку Борыс ад адказнасці і спыніць справу супраць яе. У залі пастанову суду сустрэлі апладысментамі, а пад судом тыя, хто не трапіў у памяшканне, спяваюць для Анжалікі Борыс «Сто лят».
Анжаліка падзякавала за прысутнасць тым, хто прыехаў «падтрымаць польскую справу».
Нагадаем, што паводле абвінавачвання, Борыс парушыла парадак арганізацыі масавых акцый (ч. 2 арт. 22.34 КаАП Беларусі). Анжаліка Борыс не прызнала сваёй віны, бо ладзіла кірмаш згодна са статутам СПБ.
Кірмаш праводзіўся ў Горадні ва ўнутраным дворыку побач з польскім кансулятам 3 сакавіка. Як патлумачыла Анжаліка Борыс, гэтую тэрыторыю СПБ арандуе.
Сёлета СПБ і Генеральнае консульства Польшчы ў Горадні ладзілі Казюкі дваццаты раз. Раней улады не мелі да яго прэтэнзій.