Статкевіч не падпіша

Познім вечарам 14 верасня Кацярына Статкевіч, дачка экс-кандыдата на пасаду прэзідэнта Мікалая Статкевіча, даслала ў шэраг незалежных СМІ інфармацыю аб тэлефоннай размове з бацькам, якая доўжылася каля 10 хвілін.

Гэта было першы раз пасля 19 снежня. “Перыядычна, — паведаміла Кацярына, — бацьку абрывалі на паўслове, на некаторыя пытанні не дазвалялі адказаць наогул. Напрыклад, на пытанне аб здароўі і аб няшчасным выпадку, ён паспеў толькі паведаміць, што рука ў лангеце, як яго перапынілі. Ён сказаў, што застаўся адзін у Шклоўскай калоніі, астатніх ужо выпусцілі, яго ж, хутчэй за ўсё, не выпусцяць яшчэ доўга.
Паводле Кацярыны, прашэнне аб памілаванні Статкевічу прапаноўвалі напісаць шматкроць. “У выніку ён узяў паперу і напісаў даволі рэзкім тонам, што ў злачынцы ён нічога прасіць не будзе, цяпер чакае рэакцыі, — кажа дачка палітвязня. — Бацька сказаў, што “хлопцы падпісалі прашэнне, бо ім пагражалі згвалтаваннем, і папрасіў распаўсюдзіць гэту інфармацыю, гэта важна.
На ўражанне Кацярыны, настрой у бацькі даволі байцоўскі, і ён запэўніў яе, што здавацца не збіраецца, як і падпісваць якія б тое ні было прашэнні.