Статкевіча затрымалі на мяжы, надзелі кайданкі, але праз паўгадзіны вызвалілі

Лідэр «Беларускага нацыянальнага кангрэсу» Мікола Статкевіч з жонкай ехаў у Літву па асабістых справах.

95dd79d3_7e9f_4579_8541_60b11cf9d9d1_cx0_cy12_cw0_w1023_r1_s.jpg

Каля 7 гадзінаў раніцы 12 студзеня на памежным пераходзе Лоша Статкевіча затрымалі, закавалі ў кайданкі, не патлумачыўшы прычыны. Праз паўгадзіны яго, зноў жа без тлумачэння прычынаў, вызвалілі., паведамляе Радыё Свабода. 
Мікола Статкевіч кажа, што звычайна карыстаецца гэтым жа пераходам, калі едзе ў Літву, але раней такіх затрыманняў не было:
«Звычайна кажам, праверце, ці выяздныя мы, — расказвае Статкевіч. — Што дакласці пра нас трэба і што на іхным экране будзе чырвоная паласа, мы ведаем.
А тут раптам сказалі загнаць машыну на стаянку, замкнулі з усіх бакоў, надзелі на мяне кайданкі без тлумачэння прычынаў. Кажу, «вы ўжываеце спецсродкі, то назавіце прычыну». Адказваюць, «у нас ёсць сакрэтная інструкцыя, алгарытм дзеянняў». Прозвішчаў яны не кажуць — толькі нумары. Пакінулі лейтэнанта — лейтэнант уцёк, усе хаваюцца, ніякіх тлумачэнняў. Пытаю, ці маюць права — «маем». І што так, кожнаму?».
Статкевіча пратрымалі ў кайданках каля 30 хвілінаў, затым кайданкі знялі і адпусцілі. За гэты час на мяжы ўтварылася чарга, але першы беларус у чарзе пазнаў Статкевіча і прапусціў яго перад сабой, каб той не спазніўся. Статкевіч гутарыў з карэспандэнтам Свабоды ўжо на літоўскай тэрыторыі.
На думку Статкевіча, магла прыйсці нейкая каманда на затрыманне з Менску, і з ёй не ведалі, што рабіць; або каманда была старая, скасаваная паўсюль (магчыма, праз беларуска-еўрапейскія стасункі, дадае ён), але выпадкова не скасаваная на гэтым канкрэтным пераходзе.
Ён сумняецца, што затрыманне зьвязанае з мэтай паездкі, бо едзе не на палітычнае мерапрыемства. Але каманда была, на думку Статкевіча, менавіта на жорсткае, «крымінальнае» затрыманне з кайданкамі, бо калі б не выпускалі праз нясплочаныя штрафы ці неадседжаныя суткі арышту, затрымлівалі бы мякчэй.
«Шкада толькі сваіх блізкіх, — дадае Статкевіч. — Бацька чакае, бо я заўсёды тэлефаную пасля перасячэння мяжы, і загадзя кажу час, калі патэлефаную. І жонка перажывае. А мяне гэтым шоў, гэтымі фокусамі не здзівіць».
За 2017 год Статкевіча не раз саджалі на адміністрацыйны арышт за палітычныя акцыі, сумарна ён правёў за кратамі 33 дні. Бывалі выпадкі, што яго (як і іншых палітыкаў) судзілі завочна, і пра прысуд ён даведваўся не адразу. Бывала і «гульня суткамі»: арышты, здзейсненыя не адразу, а адкладзеныя на невядомы тэрмін.