Статкевіч пра канфлікт з «Уралкаліем»: На шыі Беларусі зацягваюць пятлю

Палітвязень Мікалай Статкевіч выказаўся адносна канфлікту з «Уралкаліем». «Лісты палітвязняў цэнзуруюцца паводле нявызначаных законам нормаў», — мяркуе жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.



staktev_ch8.jpg

Палітвязень Мікалай Статкевіч даслаў ліст, у якім падзяліўся думкамі адносна канфлікту «Беларуськалія» і «Уралкалія» ды арышту ў Беларусі гендырэктара расійскай кампаніі «Уралкалій» Уладзіслава Баўмгертнера. Выказваючы спачуванне затрыманаму топ-менеджару, Мікалай Статкевіч усё ж мяркуе, што ратаваць найперш трэба беларускія буйныя прадпрыемствы, на якія наступае расейскі капітал з дазволу вышэйшага расейскага кіраўніцтва.

Жонка палітвязня Марына Адамовіч працытавала вытрымкі з ліста Мікалая Статкевіча:
 

«Напісаў дастаткова разгорнута і нават даў пэўны падзагаловак: “Пятля”. Учора пачуў, што кабмін Украіны зацвердзіў праект дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам. Хоць іншага і не чакаў, але ўсё роўна парадаваўся за суседзяў. Але адначасова з гэтым усё больш трывожна за наш лёс. Калі раней Масква далікатнічала з намі, каб на нашым прыкладзе заманіць Украіну, то цяпер патрэба ў гэтым знікла, саромецца не будуць. Нізашто не паверу, што гэты “калійны развод” мог адбыцца без бласлаўлення, калі не па камандзе Крамля. Мэта вядомая: абцяжарыць фінансавае становішча і прымусіць аддаць актывы. Спіс ужо агучаны. Дзеянні Мінска таксама зразумелыя: калі пятля на шыі зацягваецца, то трэба вырывацца, кусацца, скандаліць. Адначасова расійскім алігархам пасылаўся сігнал, што валоданне кантрольным пакетам тут не азначае валоданне актывам. Каб пазбавіць іх ахвоты квапіць на нашы прадпрыемствы. Але ж Масква ведае ўсе такія хітрыкі, нават на скандал ісці не хоча. Душыць будзе з ветлівай усмешкай, пад размовы аб вечным сяброўстве».
 

Марына Адамовіч атрымала з Магілёўскай управы дэпартаменту выканання пакаранняў адказ на скаргу на тое, што лісты Мікалая Статкевіча часта цэнзуруюцца больш за тры дні. Між тым, паводле закону, лісты тых, каго ўтрымліваюць пад вартай, нельга ўтрымліваць больш як тры дні. «У адказе сказана, што Статкевіч “асуджаны, а не ўтрымліваецца пад вартай”. Вось яны і лічаць, што таму ягоныя лісты можна затрымліваць на які заўгодна тэрмін», — мяркуе Марына Адамовіч. На думку Марыны Адамовіч гэта ёсць грубым парушэннем права вязняў на перапіску. Марына Адамовіч збіраецца абскардзіць дзеянні магілёўскіх турэмшчыкаў.
 

Былы кандыдат на прэзідэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зняволенне і ўтрымліваецца ў Магілёўскай крытай турме.

www.svaboda.org