Марына Адамовіч: Мікола Статкевіч адмовіўся ў турме ад меддапамогі
Палітвязень лічыць, што адміністрацыя папраўчай установы выкарыстоўвае дадзеныя пра захворванні для арганізацыі на яго ціску. Вось што “Еўрарадыё” распавяла жонка Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.

Мікола Статкевіч. Фота — bymedia.net
"Ён адмовіўся звяртацца па меддапамогу ў выпадку, скажам так, пагаршэння здароўя... На працягу амаль усяго часу, што ён знаходзіцца ў так званых папраўчых установах, адміністрацыя гэтых установаў шмат разоў карысталася праблемамі са здароўем, яўнымі альбо ўяўнымі. Для таго, каб пагоршыць, альбо стварыць новыя праблемы", — кажа Марына Адамовіч.
Мікола Статкевіч вырашыў, што для яго больш бяспечна абыходзіцца без лекарскай дапамогі.
Нагадаем, экс-кандыдат у прэзідэнты, дзеяч сацыял-дэмакратычнага руху ў траўні 2011 года быў асуджаны на 6 гадоў зняволення "за арганізацыю масавых беспарадкаў" 19 снежня 2010-га ў Мінску. Цяпер палітвязень знаходзіцца ў магілёўскай турме № 4. Вызвалення Міколы Статкевіча, як і іншых палітвязняў, патрабуюць ад уладаў Беларусі Еўрасаюз і ЗША.