Еўрадэпутаты хочуць сустрэцца з беларускімі палітвязнямі

Дэлегацыя Еўрапарламенту ў складзе чатырох дэпутатаў плануе прыехаць у Беларусь напрыканцы кастрычніка. Яны мяркуюць сустрэцца з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў, міністрам юстыцыі і міністрам унутраных спраў, а таксама з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Найважнейшая мэта паездкі — сустрэча з палітвязнямі.



ep_0410.jpg

Фота — actualitati.md

Але на такую сустрэчу неабходная згода беларускага боку, паведаміў у каментары Радыё "Рацыя" старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў справах Беларусі Філіп Качмарэк. Па яго словах, дэпутаты адаслалі адпаведны ліст у Беларусь. Калі яны не атрымаюць дазвол на сустрэчу з палітвязнямі, то сустрэнуцца з іх сем’ямі.

Тым часам першы сакратар беларускай амбасады ў Брусэлі, дзе ўзгадняецца план паездкі еўрадэпутатаў, кажа, што наведванне палітвязняў нават не разглядаецца. Па словах дыпламата, гэта пярэчыць беларускаму заканадаўству.

Нагадаем, што спярша паездка еўрадэпутатаў у Беларусь была запланаваная на ліпень. Аднак потым яна была адтэрмінаваная, бо афіцыйны Мінск паставіў умову сустрэчы з дэпутатамі непрызнанага Еўрасаюзам беларускага парламенту.

euroradio.fm