Стаў вядомы склад камісіі, якая будзе распрацоўваць змены ў Канстытуцыю

У Беларусі пачынае працу Канстытуцыйная камісія, якая будзе збіраць прапановы і распрацоўваць змены ў Асноўны закон краіны. Тэлеграм-канал «Пул Першага» апублікаваў яе склад, перадае TUT.BY.

Фота: «Пул Першага»

Фота: «Пул Першага»

Сёння камісія правядзе сваю першую нараду.
У камісію ўвайшлі 34 чалавекі. Сярод іх ёсць чаканыя асобы: напрыклад, прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка, кіраўнік Савета Рэспублікі Наталля Качанава, кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сяргеенка, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка, дэпутаты Ігар Марзалюк, Святлана Любецкая.
А ёсць і нечаканыя прозвішчы. Напрыклад, займацца распрацоўкай змен у Канстытуцыю будуць паралімпіец Аляксей Талай, палітолаг Аляксандр Шпакоўскі, Юрый Васкрасенскі, першы намеснік міністра аховы здароўя Алена Богдан, кіраўнік Мінскага навукова-практычнага цэнтра хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі і сенатар Алег Румо, экс-намеснік кіраўніка Нацбанка, а цяпер старшыня праўлення «БСБ Банка» Сяргей Дубкоў, а таксама былы генеральны пракурор Рыгор Васілевіч.
Чырвонай кропкай на фотаздымку, верагодна, пазначаны Аляксандр Лукашэнка.
Нагадаем, у кастрычніку Камісія па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў пачала збор прапаноў па змяненні Канстытуцыі ад грамадзян.
Пра змяненне Канстытуцыі ў Беларусі на розных узроўнях гавораць ужо некалькі гадоў. У мінулым годзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што яму ўжо прадставілі два варыянты змененай Канстытуцыі, але ён іх адхіліў, таму што яны мала адрозніваюцца ад цяперашняй, і цяпер вядзецца праца над трэцім варыянтам.
У Канстытуцыйным судзе TUT.BY растлумачылі, што група суддзяў Канстытуцыйнага суда працавала над адным з «адпрэчаных» варыянтаў. Хто працуе над трэцім, там удакладніць не змаглі.