«Страцілі вельмі шмат грошай». Як каранцін паўплываў на працу беларусаў за мяжой
Пяць беларусаў, якія працуюць цяпер у розных краінах Еўропы, распавялі «Белсату», як каранцін у сувязі з пандэміяй каронавірусу ўдарыў (або ўдарыць) па іх працы.
Павел, кіроўца таксоўкі (Варшава, Польшча)
Сітуацыя выглядае кепска. Замоваў і кліентаў стала ў тры разы менш. Калі перад каранцінам я зарабляў $ 350 у тыдзень, то на мінулым тыдні зарабіў $ 120. Такая сітуацыя прыкладна ва ўсіх таксістаў. Магчыма, у больш салідных фірмах, чымся мая, зарабляюць больш, але ў іх і раней прыбытак быў вышэйшы.
Я не прадпрымальнік і на прамую ўрадавую дапамогу наўрад ці магу разлічваць, але, мяркую, мая кампанія будзе браць з мяне менш аплатаў. Гэтак, на мінулым тыдні не бралі за абслугоўванне касы. Таксама мне бясплатна выдалі пластыкавую абарону ад пасажыраў, якія сядзяць ззаду — каб з імі не было кантакту.
Нічога рабіць я пакуль не збіраюся: планую проста пераседзець і ператрываць гэты перыяд. Мяняць працу цяпер складана.
Вось «Uber» раіць сваім кіроўцам перасесці на дастаўку ежы: маўляў, усе сядзяць дома і шмат замаўляюць. Я так зрабіць не магу: каб перайсці на дастаўку ежы, трэба мець даведку аб несудзімасці, а суды цяпер зачыненыя і такую даведку атрымаць нельга.
Глеб, дырэктар агенцтва па працаўладкаванні (Беласток, Польшча)
Мы працаўладкоўваем беларусаў на прадпрыемствы Падляскага ваяводства, якое знаходзіцца на беларуска-польскім памежжы, і зарабляем толькі тады, калі нашыя людзі працуюць.
Пакуль нічога трагічнага не адбылося: ніхто не паддаецца паніцы і не едзе дадому, усе працягваюць працаваць. Непасрэдна нашую фірму закранула тое, што на сёння спынілася рекрутацыя як такая: тыя, у каго сканчаюцца візы, з’язджаюць, але на іх месца не прыязджаюць новыя людзі.
Колькасць кліентаў у параўнанні з перыядам да каранціну зменшылася на 2–3 %. Прадпрыемствы па перапрацоўцы курыцы і ласося, дзе працуюць уладкаваныя праз нас людзі, ужо не ў стане вырабляць прадукцыю ў ранейшых аб’ёмах.
Прама цяпер у Беларусі больш за сотню нашых кліентаў з адкрытымі візамі сядзяць і чакаюць адкрыцця мяжы.
Больш за ўсё мы турбуемся пра будучыню: ва ўмовах закрытых на месяц межаў, пры адмове тых, хто працуе у Польшчы цяпер, рабіць часовыя віды на жыхарства і заставацца там жыць, работнікаў стане менш на 20–25 %.
Кірыл, працаўнік службы падтрымання платформы аб’яваў арэнды жылля Airbnb (Барселона, Іспанія)У нас быў вялікі адсотак адменаў рэзервацыі — спачатку праз страх перад каронавірусам, потым — праз адмену рэйсаў і абмежаванняў на перамяшчэнне. Кульмінацыі гэтыя адмены дасягнулі ў пазамінулую суботу. Пасля гэтага кампанія прыняла рашэнне аб адмене па першым патрабаванні любых рэзервацыяў у перыяд да 14 красавіка, зробленых да 14 сакавіка.
Не магу падзяліцца ніякімі лічбамі, але скажу, што эканамічны эфект эпідэміі неверагодны — кампанія страціла вельмі шмат грошай.
Наталля, глабальны брэнд-менеджар у віннай кампаніі (Порта, Партугалія)
Я прасоўваю на сусветным рынку прадукт аднаго з партугальскіх вытворцаў віна. Эпідэмія на маёй зарплаце не адбілася. Як яна ўплывае на продажы нашага віна — пакуль не бачым.
Я сама купіла некалькі скрыняў, баючыся, што застануся без яго: прывыкла піць віно за вячэрай. І так зрабілі многія людзі. Крывая попыту спакойна можа пайсці зараз ўверх. Вынікі ўбачым праз месяц — калі будзе зразумела як яна прасядзе.
Цяпер бачу, як мае калегі ў розных краінах пачынаюць карыстацца сітуацыяй і сутаргава прасоўваць алкаголь у сеціве: маўляў, вы сядзіце дома — вам трэба якаснае віно. Бачна, што яны расхваляваліся.
Таццяна Рэут, кантэнт-менеджар гадзіннікавай кампаніі, былая вядучая «Белсату» (Бэрн, Швейцарыя)
Я працую ў гадзіннікавым бізнесе, адной з ключавых галінаў швейцарскай эканомікі. Па ёй гэты крызіс ударыў вельмі моцна. Вялікія прамысловыя выставы гадзіннікавай індустрыі, якія праходзяць у першай палове году — як Baselworld, напрыклад — адмянілі.
Продажы падаюць: у самой Швейцарыі дарагія гадзіннікі набываюць пераважна турысты, якіх цяпер няма (а цяпер і крамы пазачыняліся). Ужо зразумела, што індустрыя стала на паўзу, кіраўнікі кампаніяў адправілі ўсіх на працу з дому.
Сімвалічна, што прэзідэнт сказала: «Мы багатыя і зможам падтрымаць сваю эканоміку». Дзяржава паабяцала вылучыць 10 мільярдаў франкаў на дапамогу бізнесу. Што бачна ужо — дык гэта падтрыманне на чалавечым узроўні фрылансераў або работнікаў культуры. Напрыклад, маёй былой выкладчыцы танца прапануюць заплаціць за цэлы месяц заняткаў, хаця ніякіх заняткаў не будзе.
Агулам, адсутнасць у апошнія стагоддзі калектыўных траўмаў накшталт вайны ці крызісаў, напэўна, шмат у чым вызначаюць такое быццам абыякавае стаўленне швейцарцаў да эпідэміі. Сёе-тое ў крамах, вядома, раскупілі (і цяпер дастаўку прадуктаў онлайн можна чакаць дзесяць дзён), але ў цэлым тут настолькі давяраюць сабе, сваёй краіне, палітычнай і эканамічнай сістэме, што асабліва не перажываюць.