Студэнта асудзілі на 2,5 гады калоніі за тое, што адбіваў пратэстоўца ад затрымання 10 жніўня
Суд Ленінскага раёна 30 снежня асудзіў па артыкуле 364 Крымінальнага кодэкса за гвалт у дачыненні да супрацоўніка АМАПу 10 жніўня 20-гадовага студэнта 4 курса Інстытута прадпрымальніцкай дзейнасці Віктара Акцістава.
У той вечар студэнт хацеў адбіць ад затрымання незнаёмага хлопца каля гасцініцы "Юбілейная" — у выніку гэтага ён нанёс супрацоўніку АМАПу некалькі ўдараў. Пацярпелым па справе быў прызнаны супрацоўнік мінскага АМАПа, чыі анкетныя дадзеныя былі змененыя ў судзе «ў мэтах бяспекі». Ад дзеянняў студэнта АМАПавец атрымаў толькі лёгкія ранкі і драпіны на лбе, але маральныя пакуты ацаніў у 2000 рублёў, родныя студэнта пакрылі шкоду падчас судовага перапынку. Суддзя Марына Запаснік прызнала хлопца вінаватым і прызначыла яму пакаранне ў выглядзе 2,5 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Менавіта такое пакаранне запрашваў старшы памочнік пракурора раёна А. Рамановіч.
У чым абвінавацілі студэнта?
Студэнт знаходзіцца пад вартай з 21 верасня. Камандзір мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба накіраваў у суд пісьмовае хадайніцтва аб тым, каб у дачыненні да пацярпелага Цімафеева і сведкі Буйніцкага былі прынятыя меры бяспекі, якія забяспечваюць іх непазнавальнасць. Суддзя задаволіла заяўленае хадайніцтва. Пацярпелы, шыракаплечы і два метры ростам, з'явіўся ў зале ў самы апошні момант у кепцы з выявай дзяржаўнага флага і балаклаве.
Згодна абвінавачванню, Віктар Акцістаў "увечары 10 жніўня каля гасцініцы "Юбілейная" ў перыяд з 18 да 20 гадзін нанёс тры ўдары кулаком у вобласць галавы і адзін удар нагой у пахвінную вобласць пацярпеламу Цімафееву ў мэтах перашкодзіць законнай дзейнасці супрацоўніка АМАПу і з помсты за выкананнем ім задач па ахове грамадскага парадку".
Што адбылося 10 жніўня на думку абвінавачанага?
Абвінавачаны ў судовым пасяджэнні растлумачыў, што ў той вечар ён прыехаў на станцыю метро "Няміга", адкуль накіраваўся ў бок Стэлы, каб узяць удзел у акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў прэзідэнта. Каля гасцініцы абвінавачаны пачуў крык чалавека, якога затрымлівалі двое супрацоўнікаў АМАПу. Студэнт растлумачыў, што быў у курсе таго, што адбылося ў ноч з 9 на 10 жніўня, і баючыся за далейшы лёс затрыманага нанёс адзін удар Цімафееву па галаве, паспрабаваў схапіць і спыніць супрацоўніка міліцыі, пасля чаго нанёс яшчэ два ўдары па галаве. На ўдакладняючае пытанне пракурора аб тым, ці біў ён у пахвінную вобласць супрацоўніка АМАПа, Акцістаў сказаў, што рабіў намах нагой у вобласць жывата пацярпелага і біць у пах не збіраўся.
Цімафееў на ўдары выказаў здзіўленне, пасля чаго схапіў за запясце левай рукі абвінавачанага. За другую руку абвінавачанага схапіў іншы супрацоўнік. Віктар растлумачыў, што пасля затрымання яго адвялі ў машыну, дзе паклалі на жывот, звязаўшы рукі за спіной пластмасавымі сцяжкамі. Затым абвінавачанага з другім затрыманым павезлі і перадалі іншым супрацоўнікам, якія апыталі яго ў становішчы лежачы тварам у зямлю. Пасля апытання Акцістава адвезлі ў Партызанскае РУУС, дзе трымалі на працягу 16 гадзін. Да ночы з 12 на 13 жніўня затрыманы ўтрымліваўся ў СІЗА Жодзіна, адкуль быў адпушчаны разам з астатнімі затрыманымі.
Абвінавачанага не прыцягвалі да адказнасці і не складалі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пасля таго, калі абвінавачаны растлумачыў, што яго дзеянні былі выкліканыя асцярогамі за далейшы лёс затрыманага, пракурор Рамановіч стаў настойліва патрабаваць адказу на пытанне аб тым, што канкрэтна пагражала затрыманаму ў момант затрымання. Акцістаў растлумачыў, што затрыманне было, на яго думку неабгрунтаваным, ён раскайваецца ў зробленым і прынёс прабачэнні Цімафееву.
Што казаў пацярпелы на судзе?
Пацярпелы Андрэй Цімафееў растлумачыў, што ўвечары 10 жніўня ажыццяўляў ахову грамадскага парадку ў цэнтры горада ў бронекамізэльцы і ахоўных шчытках на несанкцыянаваным мітынгу, на якім «людзі агрэсіўна сябе паводзілі і махалі рукамі, спрабуючы задумаць бойку з супрацоўнікамі, грамадзяне былі пазначаныя недзяржаўнай бел-чырвона-белай сімволікай». Па словах Цімафеева, супрацоўнікі АМАПа патрабавалі прысутных разысціся, папярэджваючы аб адказнасці. На ўдакладняючае пытанне суддзі аб тым, ці затрымліваў Цімафееў каго-небудзь у той дзень, супрацоўнік АМАПа растлумачыў, што дапамог калегам затрымаць аднаго мужчыну і адвесці яго пад рукі ў спецтранспарт.
Цімафееў таксама паведаміў, што абвінавачаны пераблытаў чалавека, якога ён затрымліваў. Паводле яго словаў, ён затрымліваў дзяўчыну з вельмі кароткай стрыжкай, а не мужчыну. Абвінавачаны настойваў, што гэта быў мужчына з доўгай стрыжкай. Цімафееў распавёў, што абвінавачаны спачатку крычаў на супрацоўніка, каб той адпусціў затрыманага, затым нанёс тры ўдары кулаком і адзін нагой у пахвінную вобласць. Пацярпелы, папярэдне прагледзеўшы раздрукоўкі ў парку, суду растлумачыў, што пры затрыманні адвёў Акцістава на зялёную зону, каб у адпаведнасці з артыкулам 26 Закона «Аб органах унутраных спраў» нанесці меншы ўрон затрыманаму, чым гэта можа здарыцца пры затрыманні на тратуары.
Супрацоўнік АМАПа растлумачыў, што дзеяннямі абвінавачанага яму былі нанесеныя лёгкія ранкі і драпіны на лбе, яму было непрыемна. Прэтэнзій да абвінавачанага Цімафееў не мае, папрасіў прызначыць пакаранне на меркаванне суда.
На ўдакладняючае пытанне адваката аб выглядзе пакарання Цімафееў папрасіў не псаваць жыццё 20-гадоваму чалавеку і не ўжываць пазбаўленне волі.
Пацярпелы заявіў пазоў на дзве тысячы рублёў і папрасіў пералічыць іх на разліковы рахунак дом дзіцяці №1, падаўшы яго рэквізіты. Акцістаў іскавыя патрабаванні прызнаў і блізкія абвінавачанага пагасілі ўсю шкоду падчас судовага перапынку.
Рапарт на студэнта склаў супрацоўнік ГУБАЗіКа
У судовым пасяджэнні былі заслуханыя паказанні сведкі супрацоўніка АМАПа Мікалая Буйніцкага, які растлумачыў, што абвінавачаны нанёс два ўдары кулаком у галаву пацярпеламу і адзін у пахвінную вобласць, пасля чаго ён суправадзіў Акцістава ў спецтранспарт.
У ходзе даследавання пісьмовых матэрыялаў справы высветлілася, што рапарт аб тым, што менавіта Акцістаў знаходзіўся каля гасцініцы «Юбілейная» і намаляваны на фотасхеме, складаў оперупаўнаважаны супрацоўнік ГУБАЗіКа Камароўскі.
З абвяшчэння пісьмовых матэрыялаў справы стала вядома, што ў дачыненні да абвінавачанага быў спынены крымінальны пераслед па ч. 1 арт. 342 КК (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Таксама 19 кастрычніка была спынена справа аб адміністрацыйным правапарушэнні ў сувязі з заканчэннем тэрмінаў даўнасці прыцягнення да адказнасці. У матэрыялах справы таксама маецца заява маці абвінавачанага аб яго знікненні ў перыяд жнівеньскіх падзей.
Як прапанавалі пакараць студэнта?
Адразу Акцістава абвінавачвалі артыкул 364 КК з кваліфіцыруючай прыметай «матыў помсты за выкананне службовай дзейнасці». Аднак у ходзе судовых спрэчак пракурор адмовіўся ад гэтай часткі абвінавачвання. Дзяржабвінаваўца палічыў, што віна абвінавачанага па артыкуле 364 КК (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў у мэтах перашкоджання яго законнай дзейнасці) даказаная і папрасіў суд пакараць яго 2,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Што вырашыў суд?
Суд доўжыся адзін дзень, на другі быў вынесены прысуд. Суддзя Марына Запаснік прызначыла Віктару Акціставу такое ж пакаранне, якое і прасіў пракурор — 2,5 года пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Акрамя гэтага, была вынесеная прыватная пастанова па месцы вучобы абвінавачанага.
spring96.org