Святара пазбавілі права насіць крыж і расу за ўдзел у пратэстах
Гэтую сумную гісторыю распавядае Свабода.
Гомельскага праваслаўнага святара Уладзіміра Драбышэўскага пазбавілі права насіць святарскае адзенне і нагрудны крыж.
Згодна з дакументам, які выдала епархія за подпісам архіяпіскапа Гомельскага і Жлобінскага, Уладзімір Драбышэўскі не падаў ва ўстаноўленыя тэрміны прашэнне, каб працягнуць тэрмін па-за штатам або каб вярнуцца ў клер Гомельскай эпархіі. Пра гэта святар напісаў у Фэйсбуку.
Улетку айца Уладзімера звольнілі. Сам ён удакладніў, што звольнены толькі па свецкім Працоўным кодэксе, ніякіх царкоўных судоў над ім не было. Сану яго не пазбаўлялі.
Святар Уладзімір Драбышэўскі адбываў адміністрацыйныя арышты за ўдзел у пратэстах супраць улады Лукашэнкі. Восенню сям’я Драбышэўскіх з'ехала з краіны з прычыны пераследу ўладаў.
Уладзімір Драбышэўскі ўвосень таксама з'ехаў з Беларусі. У інтэрвію Свабодзе ён назваў такое рашэнне эпархіі здзейсненым «у парадыгме РПЦ».
«Гледзячы па ўсім, яны пайшлі па мяккім сцэнары — не сталі пазбаўляць сану. Таму што тады трэба будзе прыдумляць — за што. За мітынгі? Значыць — самім падымаць гэтую тэму і прызнаваць сваю праўладную пазыцыю. На гэта ім (царкоўнаму кіраўніцтву) ісці не хочацца. Прыдумляць яшчэ нешта? Дык няма адкуль. Не з майго ж Facebook „шыць“ мне святатацтвы ці яшчэ нешта. Таму, хутчэй за ўсё, так па-за штатам і пакінуць», — сказаў святар.
Ён не бачыць сэнсу ў абскарджванні рашэння епархіі.
«Я святар, ім застаюся і збіраюся служыць», — падкрэсліў Уладзімір Драбышэўскі. Ён дадаў, што герархі «самі не разумеюць, якую вялізную яму вырылі царкоўнай рэпутацыі і працягваюць яе паглыбляць».