Стыхійныя рынкі будуць разганяць

Сталічныя ўлады будуць змагацца з нелегальным вулічным гандлем. Стыхійныя рынкі будуць разганяць, а парушальнікаў пакараюць штрафам.



4a0fcf3b_36a2_4a1f_900b_c46b9ee125ff_w640_r1_s.jpg

Цяпер у Мінску больш за 20 такіх месцаў, у асноўным, каля станцыяў метро ці прыпынкаў грамадскага транспарту, дзе людзі прадаюць кветкі, гародніну, зеляніну — у асноўным тое, што вырашчана на ўласных лецішчах ці гародах. Зараз міліцыя амаль не звяртае ўвагі на стыхійны гандаль, а раённыя адміністрацыі ня маюць паўнамоцтваў. Да таго ж, сумы штрафаў адносна невялікія — ад 70 да 300 тысяч рублёў. Таму ўлады прапануюць зрабіць пакаранне больш жорсткім.

Начальнік упраўлення гандлю і паслугаў Мінскага гарвыканкама Ніна Емельянава ў інтэрв’ю Беларускаму тэлебачанню распавяла: «Мы звярнуліся ў Міністэрства гандлю з просьбай унесці змяненні ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях і ўстанавіць штраф ад 5 да 10 базавых велічынь. Плюс прадугледзець канфіскацыю тавараў, якія рэалізуюцца незаконным шляхам».

Тыдзень таму на прэсавай канферэнцыі міністр гандлю Валянцін Чаканаў паведаміў, што на новых рынках не менш за палову месцаў павінна быць для тых, хто гандлюе ўласнай прадукцыяй. Міністр, праўда, не ўдакладніў, колькі будзе каштаваць арэнда такога гандлёвага месца.

www.svaboda.org