Суцэльныя непрыемнасці

Нявырашаных праблем, што б там не казалі, у Беларусі хапае. А калі іх не вырашаць, то яны з цягам часу абцяжарваюць усё болей. Таму доўгія выходныя былі нам больш на шкоду, чым на карысць.



fabr06140201.jpg

Напрыклад, перавод шэрагу буйных прамысловых прадпрыемстваў краіны на 4-дзённы працоўны тыдзень або, як сцвярджаюць улады, перанос вясновых рабочых пятніц на восеньскія суботы замарудзіў, але не спыніў рост складскіх запасаў. Верагодна, для поўнага спынення гэтай негатыўнай тэндэнцыі шэрагу прадпрыемстваў краіны неабходна ўвесці 3-дзённы працоўны тыдзень, а асобным папросту згарнуць масавую вытворчасць да пачатку выпуску цалкам абноўленай і, галоўнае, запатрабаванай на традыцыйных рынках збыту прадукцыі.

Нягледзячы на відавочнае запаволенне прамысловай вытворчасці, запасы гатовай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах на 1 мая 2013 года дасягнулі 33,359 трыльёна рублёў (3,848 мільярда долараў па курсе Нацбанка), павялічыўшыся на 50,3%, або 11,166 трыльёна рублёў з пачатку года, паведамляе Белстат.

Па стане на 1 мая 2013 года суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці дасягнулі 82,4%.

То бок, беларуская прамысловасць у асноўным працуе на склад. А тут яшчэ і Расія не дапамагае. Як стала вядома, адзін з «чатырохдзённых» заводаў (а менавіта МАЗ) пачаў губляць расійскі рынак. Доля беларускага ААТ «МАЗ» па выніках I квартала 2013 на расійскім рынку грузавых аўтамабіляў поўнай масай 14–40 тон знізілася да 7,4% з 15,0% у I квартале 2012 года, паведамляецца ў справаздачы ААТ «КамАЗ». Можа, гэта і хлусня канкурэнтаў, але ж заваленыя склады МАЗа сведчаць, што гэта, хутчэй, праўда.

А за кошт чаго мы будзем выцягваць з балота «беларускі эканамічны цуд»? Здаецца, за кошт трапляння ў іншае балота — крэдытнае. Два мільярды долараў на мадэрнізацыю Расія нам пакуль не дае, але мы і ранейшыя крэдыты не выбралі. А зараз нам яшчэ большы фарт падваліў.

Невыкананне Беларуссю сваіх абавязацельстваў перад Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС у частцы забеспячэнне штогадовых паступленняў ад прыватызацыі на суму не менш за 2,5 мільярда долараў не будзе ўлічвацца пры прыняцці рашэння аб выдзяленні Беларусі 6-га, апошняга, траншу стабілізацыйнага крэдыту. Як паведаміў намеснік старшыні Еўразійскага банку развіцця, які кіруе сродкамі АКФ, Сяргей Шаталаў, галоўны паказчык, які будзе прымацца пад увагу, — абмежаванне росту крэдытавання эканомікі 19% па выніках 2013 года.

«Кантроль над крэдытаваннем — вельмі важны фактар тармажэння інфляцыі і ўмацавання плацежнага балансу. У 2011 годзе прырост крэдытавання эканомікі Беларусі склаў 40%, у 2012 годзе — звыш 30%. Зараз урад Беларусі плануе абмежаваць рост крэдытавання эканомікі 1,5% у месяц, што дасць прыкладна 19,6% у год. Мы лічым, што гэта забяспечыць істотнае тармажэнне інфляцыі і паменшыць ціск на знешнегандлёвы баланс», — заявіў Шаталаў.

Ён паведаміў, што ў цяперашні час АКФ і ўлады РБ узгадняюць новы «Ліст аб намерах», якім зацвярджаюцца неабходныя для выканання паказчыкі.

Але ж планы і намеры ўрада — гэта адно, а вось тое, што адбудзецца на самай справе, — зусім іншае. Не для таго Нацбанк зніжае стаўку рэфінансавання, каб адразу ж «заціснуць» крэдытаванне прадпрыемстваў. Інакш і зніжэння стаўкі крэдытаў было б бессэнсоўным. Так што АКФ трэба моцна падумаць над гэтым «лістом».

Тым больш, што АКФ, як высветлілася, думае і над працягам праграмы крэдытавання Беларусі! Абавязкі Беларусі па продажы «фамільнага срэбра» прадстаўнікі ЕАБР маюць намер уключыць у новую праграму крэдытавання. «Калі новая праграма адбудзецца, яе прыярытэтам павінны стаць структурныя рэформы, прычым прыватызацыя — гэта адзін з першых крокаў на шляху ажыццяўлення такіх рэформаў. Прыватызацыя — важны фактар павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі», — заявіў Шаталаў.

Адзінае, што нас можа радаваць: непрыемнасці зваліліся не толькі на нас. Як кажуць, у суседа карова здохла, а нам радасць. Так, урад Кыргызстана заявіў, што працягне рабіць намаганні па экстрадыцыі былога прэзідэнта Курманбека Бакіева і яго брата Жаныша Бакіева з Беларусі.

«Мы гэтую працу будзем абавязкова працягваць. Забойства і масавае забойства — гэта сур’ёзныя абвінавачанні, дзяржава не мае права кінуць гэтае пытанне і пакласці яго пад сукно. Мы па пытанні экстрадыцыі арганізоўваем сур’ёзную працу», — сказаў віцэ-прэм’ер Кыргызстана Шаміль Атаханаў.

Атаханаў адзначыў, што працоўная група, якая пабывала ў Беларусі, правяла перамовы, вызначыла першыя этапы развіцця адносін. «Бо раней не было наогул магчымасці весці перамовы. Гэтая праца будзе прадоўжана», — сказаў ён.

Цікава, ці выдасць Мінск Бакіевых пры якіх-небудзь умовах? А калі не, дык ці «падыграе» ён Кіргізіі, скажам, інфармацыяй пра перамяшчэнне Бакіевых? Бо, як распавёў Ахатанаў, Жаныш Бакіеў мае некалькі дакументаў, па якіх ён перамяшчаецца па Расіі і краінах Прыбалтыкі. І ў кожнай з гэтых краін ён можа быць затрыманы.

«Я ўпэўнены, што справядлівасць павінна перамагчы. У нас ёсць прысуд суда, міжнародныя акты па экстрадыцыі. Мы будзем дамагацца іх экстрадыцыі. У гэтым пытанні ў кыргызскага боку ёсць поўная прававая абгрунтаванасць», — лічыць Атаханаў.

Але больш крута патрапіў братэла Махмуд. Таварышу Ахмадзінежаду пагражае 74 удары бізуном ці шэсць месяцаў турэмнага зняволення. Ён неасцярожна суправаджаў свайго магчымага пераемніка Эсфандзіяра Рахіма Машаі, калі той рэгістраваўся кандыдатам у прэзідэнты. 11 мая дзяржаўнае тэлебачанне паказала кадры з прэзідэнтам і ягоным саюзнікам. А падтрымка кіраўніком Ірану каго-небудзь з кандыдатаў — гэта парушэнне заканадаўства краіны. Пакаранне ж за такія дзеянні — бізун.

Можа, і ў нас увесці падобныя правілы?