Суд справу спыніў, але падпалкоўнік Пручкоўскі не згодны

Упраўленне ўнутраных спраў Менскага райвыканкаму абскардзіла рашэнне раённага суду адносна назіральніка Кірыла Аношкі. Аднак Менскі абласны суд 6 кастрычніка таксама апраўдаў назіральніка, паведамляе Радыё Свабода.

3d740970_12f7_4463_a684_e49ed752af2c_cx0_cy3_cw0_w1023_r1_s.jpg


Менскі раённы суд 9 верасня не задаволіў пазоў сакратаркі ўчастковай выбарчай камісіі № 53 аграгарадка Калодзішчы Ірыны Паповай да незалежнага назіральніка Кірыла Аношкі, на якога быў складзены пратакол за хуліганства (арт. 17.1 КоАП).
Сакратарка камісіі, паводле Кірыла Аношкі, у судзе «фактычна зняпраўдзіла пратакол сваімі паказаннямі». Справу спынілі праз недаказанасць віны.
Пасля суду начальнік упраўлення Менскай раённай міліцыі падпалкоўнік Пручкоўскі абскардзіў пастанову ў абласны суд з прычыны «аднабаковасці, непаўнаты і неаб’ектыўнага даследавання абставінаў адміністрацыйнага правапарушэння». Падпалкоўнік Пручкоўскі прасіў адмяніць пастанову і накіраваць справу на новы разгляд.
Паводле Кірыла Аношкі, у абласны суд, які не задаволіў скаргу, міліцыя не прыслала сваіх прадстаўнікоў.
«Незвычайна, што нават „пацярпелая“ не мае ніякіх прэтэнзій, але ж у міліцыянтаў яны з'явіліся. Паскардзіцца вышэй яны ўжо не паспеюць, бо праз два дні міне двухмесячны тэрмін для адміністрацыйных спраў», — сказаў Свабодзе Кірыл Аношка.
Нагадаем, пасля выбараў незалежныя назіральнікі, і сярод іх Кірыл, вырашылі пацікавіцца ў сяброў выбарчай камісіі рэальнымі вынікамі выбараў, бо ў іх не супадалі дадзеныя пра яўку з лічбамі камісіі.

«Мы прыяжджалі ў сельсавет і пыталіся, ці хочуць сябры камісіі нешта расказаць. Муж адной з назіральніц даслаў SMS-паведамленне сябру камісіі, дзе працытаваў Крымінальны кодэкс. Пасля гэтага ўначы яго затрымалі. Яшчэ адна назіральніца паехала падаваць заяву ў Бараўлянскую міліцыю, і яе там затрымалі. Яна там даведалася, што і на мяне складзены пратакол у міліцыі».

Пазней Кірыла выклікалі ў суд. Паводле матэрыялаў справы, ён нібыта прыяжджаў у сельсавет на працоўнае месца сябра камісіі, пагражаў ёй і парушаў грамадскі парадак. Насамрэч Кірыл хацеў удакладніць лічбы, бо не быў вывешаны пратакол.