За абразу даішніка Вольніча жыхар Жлобіна атрымаў тры гады «хатняй хіміі»
Суд Жлобінскага раёна разгледзеў 9 верасня крымінальную справу па абвінавачванні Арцёма Барашка ў абразе службовай асобы (арт. 369 КК РБ), паведамляе «Вясна».
Справу разглядаў суддзя Ігар Змушко, дзяржабвінаваўца — Сямён Фядорчанка.
Пацярпелы — супрацоўнік ДАІ з Ганцавіч Ігар Вольніч.
Спачатку ў Арцёма Барашкі правялі ператрус, канфіскавалі тэлефон, а
крымінальная справа была заведзеная ў сярэдзіне чэрвені.
Па матэрыялах следства, Барашка ў сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» з дапамогай мабільнага тэлефона змясціў пад фота каментар абразлівага зместу. На фотаздымку, які ў свой час нарабіў шмат шуму ў інтэрнэце, пацярпелы
душыць каленам аднаго з пратэстоўцаў ў раёне шыі.
Дарэчы, гэта далёка не першы зварот у суд Вольніча.
Арцёму Барашка 37 гадоў. Ён працуе ў адным з лакаматыўных
дэпо машыністам поезда на Беларускай
чыгунцы, характарызуецца станоўча.
У якасці сведкі выступіла былая жонка абвінавачанага
Святлана. Паведаміла, што даведалася аб учынку Арцёма толькі ад супрацоўнікаў
міліцыі. Пра ягоныя намеры не ведала. Характарызуе яго станоўча, кажа што
прымае ўдзел у выхаванні дзяцей.
Абвінавачаны Барашка прызнаў сваю віну ў здзейсненым. У
судзе паведаміў, што каментарыяў пад здымкам было шмат, але ён не лічыў іх.
Пацярпелы даваў суду тлумачэнні і адказваў на пытанні праз скайп.
Пасля хуткага судовага разбіральніцтва суддзя Ігар Змушко вынес прысуд: тры гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») і 1500 рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды.