Суд над Змітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым

Змітру Дашкевічу два гады агульнага рэжыма, Эдуарду Лобаву — чатыры гады ўзмоцненага рэжыму.  Такі вердыкт 24 сакавіка вынесла суддзя Маскоўскага раёна Мінска Алена Шылько.



5dd3e474f6e08e3316ce5e3bc36c666e.jpg

Змітру Дашкевічу два гады агульнага рэжыма, Эдуарду Лобаву — чатыры гады ўзмоцненага рэжыму.  Такі вердыкт 24 сакавіка вынесла суддзя Маскоўскага раёна Мінска Алена Шылько.
Па версіі абвінавачання, 18 снежня 2010 года, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, у раёне вуліцы Янкі Брыля ў Мінску Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў беспадстаўна нанеслі цялесныя пашкоджанні Канстанціну Савіцкаму і Алегу Малышаву. Дашкевіч і Лобаў даказвалі, што менавіта гэтыя дзве асобы, якія аддзяліліся ад яшчэ большай групы невядомых, пасля пары пытанняў першымі нанеслі ім удары, учыніўшы бойку.
«Пацярпелыя» выступалі ў судзе з-за прыадчыненых дзвярэй асобнага пакою, каб не было відаць іх твараў. Суддзя такім чынам задаволіла іх просьбу аб абароне: маўляў, яны баяцца помсты з боку сваякоў і сяброў абвінавачаных. Савіцкі і Малышаў сцвярджалі, што ніколі не выступалі ў судах і не маюць юрыдычнай адукацыі, нідзе не працуюць, але іх лексічныя абароты, як адзначыла на судзе адвакат Змітра Дашкевіча Мар’яна Сямешка, вельмі падобныя на мову супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
У сваім апошнім слове старшыня зарэгістраванага ў Чэхіі «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч адзначыў, што ён разам з Эдуардам Лобавым займаецца палітычнай дзейнасцю і што для яго важным было «дажыць да 19 снежня». «Кідацца на двух сексотаў пасля іх просьбы «закурыць» было б не разумна», — падкрэсліў Дашкевіч. Ён выказаў упэўненасць, што «ўсёмагутнасць суддзяў, пракурораў хутка абрынецца». Прамову лідара маладафронтаўцаў прысутныя ў зале суда сустрэлі воплескамі, таксама як потым і апошні выступ Эдуарда Лобава, які сказаў, што падзеі 18 снежня былі правакацыяй з боку ўладаў. «Псеўдапацярпелыя, якія хаваюцца за сцяной, баяцца праўды. Я веру, што праўда пераможа і кожны атрымае сваё», — заявіў абвінавачаны.
Пракурор патрабаваў для Лобава пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а для Дашкевіча — тры гады ў калоніі рэжыму агульнага. Адвакаты Мар’яна Сямешка і Алена Аўсяннікава заяўлялі, што віна іх падабаронных у судзе не знайшла пацвярджэння, і прасілі апраўдаць сваіх мандантаў.