Суд пакінуў у сіле папярэджанне «Народнай волі» за калонку Калінкінай, газету могуць закрыць
Учора ў Вярхоўным судзе Беларусі скончыўся разгляд справы «Народная воля» vs Міністэрства інфармацыі.
Нагадаем, што незалежнае выданне абскарджвала папярэджанне Міністэрства інфармацыі аб распаўсюдзе непраўдзівай інфармацыі. У выніку суд пастанавіў пакінуць у сіле папярэджанне Мінінфарма ад 18
лістапада 2014 года.
Такім чынам, газета мае ўжо два папярэджанні за адзін год і на гэтай падставе Міністэрства інфармацыі можа санкцыяваць закрыццё выдання.
«Народная воля» атрымала папярэджанне за калонку шэф-рэдактара газеты Святланы Калінкінай «На ланцуг», апублікаваную 3 кастрычніка. У ёй аўтарка перасцерагае
пра фактычную немагчымасць самастойнага выхаду Беларусі з Еўразійскага эканамічнага саюза ў выпадку, калі дамова аб ратыфікацыі ЕАЭС будзе падпісана.
Калінкіна звярнула ўвагу на тое, што артыкул 13 дамовы аб ЕАЭС дэкларуе залежнасць краін-удзельніц саюза ад волі іншых дзяржаў, бо рашэнні аб выхадзе краіны з ЕАЭС прымаюцца паводле прынцыпа
«кансэнсус мінус голас дзяржавы-сябра, якая паведаміла пра свой намер спыніць сваё сяброўства ў Саюзе».
Калінкіна, якая палічыла, што Расія наўрад ці адпусціць Беларусь, напісала: «Дык вось, выхад з Еўразійскага эканамічнага саюза ў выпадку чаго для Беларусі будзе немагчымы. Ён проста не
прадугледжаны дамовай аб стварэнні саюза. Адзін раз падпісаліся — і гэта ўжо назаўсёды».
Менавіта за гэту фразу і зачапіліся чыноўнікі Міністэрства інфармацыі.
Яны спаслаліся на артыкул 118 той самай дамовы, якая кажа, што «дзяржава-сябар мае права выйсці з гэтага Дагавора, накіраваўшы дэпазітарыю гэтага Дагавора па дыпламатычных каналах
пісьмовае паведамленне пра свой намер выйсці з гэтага Дагавора. Дзеянне гэтага Дагавора ў дачыненні да гэтай дзяржавы спыняецца па заканчэнні 12 месяцаў з даты атрымання дэпазітарыем гэтага Дагавора
такога паведамлення».
Такім чынам, Мінінфармацыі ўгледзела ў фразе «выхад з Еўразійскай эканамічнай саюза ў выпадку чаго для Беларусі будзе немагчымы. Ён проста не прадугледжаны дамовай аб стварэнні
саюза» распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду дзяржаўным ці грамадскім інтарэсам, і абвінаваціў газету ў парушэнні арт. 4 закона Беларусі «Аб
СМІ».
Падчас судовага следства прадстаўнікі Мінінфармацыі паведамілі, што правялі сваё вывучэнне Дамовы аб ЕАЭС, а таксама звярнуліся ў Міністэрства замежных спраў, якое ўпаўнаважана каментаваць
міжнародныя дамовы, заключаныя Беларуссю. У выніку Мінінфармацыі прайшло да высновы, што фраза Калінкінай не адпавядае рэчаіснасці.
«Народная воля» не прызнала папярэджанне Мінінфармацыі. Прадстаўнікі газеты заяўлялі, што Міністэрства інфармацыі «вырвала фразу з кантэксту», у той час як у
самой калонцы двойчы ўзгадваецца пра тое, што шляхі выхаду з ЕАЭС існуюць, і былі названыя ўмовы выхаду.
Абаронца газеты Андрэй Бастунец заявіў пра тое, што Міністэрства інфармацыі блытае распаўсюд інфармацыі і выказванне ўласнага меркавання.
Бастунец спасылаўся і на міжнародную практыку: «Калі ўзяць практыку ААН, Еўрапейскага суда па правах чалавека, прэцэдэнтныя рашэнні гэтых органаў кажуць пра тое, што пераслед выказвання
меркавання недапушчальны». Бастунец заявіў хадайніцтва аб прызначэнні лінгвістычнай экспертызы, якая вызначыць, ці носіць калонка Калінкінай форму выказвання свайго меркавання. Аднак суддзя
Алена Кастрама не знайшла падстаў для экспертызы.
Падтрымаў Пастухоў
«Народную волю» і Святлану Калінкіну падтрымаў і заслужаны юрыст Беларусі і суддзя Канстытуцыйнага суда Беларусі І склікання Міхаіл Пастухоў.
У лісце рэдакцыі, які быў зачытаны ў судзе і далучаны да справы, ён пагаджаецца з Калінкінай. Міхаіл Пастухоў засяродзіў увагу на тым, што нават пры юрыдычным выхадзе Беларусі з ЕАЭС яна не
набудзе рэальную свабоду:
«Перад тым, як выйсці з саюза, трэба выплаціць па пазыках іншым дзяржавам-сябрам і атрымаць ад іх вольную. Наколькі гэта рэальна? Уявім, як паступіць Расія, калі Беларусь, разабраўшыся
ў сітуацыі, захоча збегчы ў Еўропу. На якую суму Расія ацэніць даўгі нашай краіны? Дакладна сказаць ніхто не зможа, але, відаць, да поўнага выканання фінансавых абавязацельстваў у зямным календары не
хопіць гадоў.
Сыходзячы з палажэнняў Дамовы і ўлічваючы такую перспектыву, журналіст Святлана Калінкіна цалкам магла сцвярджаць, што выхад з ЕАЭС для Беларусі будзе немагчымы.
З гэтым сцвярджэннем я цалкам згодны. Калі хтосьці лічыць гэты вывад дэзынфармацыяй ці дыскрэдытацыяй знешняй палітыкі Беларусі, хай дакажа адваротнае. Я ўпэўнены, не атрымаецца».
«Як суддзя канстытуцыйнага суда І склікання заяўляю, што Дамова аб стварэнні ЕАЭС у тым выглядзе, у якім яна напісана і ратыфікавана, супярэчыць палажэнням Дэкларацыі аб дзяржаўным
суверэнітэце і артыкулам Канстытуцыі нумар 1, 2, 3, 8 і інш. Выйсці з гэтай дамовы Беларусі сапраўды будзе немагчыма», — дадае Пастухоў.
«Толькі ў Беларусі за гэта караюць»
Падчас судовых спрэчак Святлана Калінкіна нагадала, што матэрыял быў прысвечаны важнай грамадскай тэме: абароне суверэнітэту дзяржавы.
«Беларусь не адзіная краіна, якая выказвае асцярогі наконт гэтай Дамовы. У парламенце Арменіі цэлая фракцыя не галасавала за яе ратыфікацыю. У Казахстане падчас падпісання гэтых
дакументаў людзі неслі сцягі з жалобным крэпам да манумента незалежнасці. Кіргізія адклала ратыфікацыю дамовы да мая. У якой-небудзь краіне каралі за выказванне такога меркавання? Ні ў якой краіне,
акрамя, аказваецца, Беларусі».
Яна дадала, што такая дыскусія ніякім чынам не дыскрэдытуе Беларусь, а наадварот, дазваляе «вырашыць праблемы ў канструктыўным рэчышчы».
nn.by