Суддзя Іван Майсейчык перашкаджае адкрыць імёны расстраляных у Курапатах

Суддзя суду Цэнтральнага раёна Мінска Іван Майсейчык адмовіўся ўзбуджаць  грамадзянскую справу па скарзе грамадзянаў на неправамерныя дзеянні (бяздзеянне) Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, якая адмаўляецца адкрыць імёны расстраляных у Курапатах. 



kurapaty15_logo.jpg

Сярод заяўнікаў скаргі ад 23 снежня 2015 году — сябры грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў”: старшыня грамадскага аб’яднання “Хрысціянская злучнасць “Курапаты” 86-гадовы Вацлаў Нямковіч, грамадскія дзеячы культуролаг Вацлаў Арэшка і мовазнаўца Вінцук Вячорка, грамадскі актывіст Алесь Макаў, старшыня Беларускай асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсій Зінаіда Тарасевіч і аўтар гэтага артыкулу.

У скарзе, між іншым, нагадвалася, што 25 верасня 2015 году грамадзяне звярнуліся ў Генпракуратуру з просьбай паведаміць выяўленыя яе супрацоўнікамі дадзеныя, у тым ліку імёны, імёны па бацьку і прозвішчы трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997-1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе.   

Аднак начальнік ўпраўлення Генпракуратуры па нагляду за выкананнем заканадаўства Следчым камітэтам Рэспублікі Беларусь Ігар Сеўрук у сваім адказе ад 27 кастрычніка 2015 года не задаволіў просьбу заяўнікаў.

Калі ж 5 лістапада 2015 года яны абскардзілі генеральнаму пракурору адказ Ігара Сеўрука, намеснік генпракурора Мікалай Кукліс падтрымаў пазіцыю свайго калегі.

Грамадзяне палічылі незаконнымі і неабгрунтаванымі дзеянні Генпракуратуры, якая не паведаміла выяўленыя яе супрацоўнікамі імёны бязвінных ахвяраў.

Заяўнікі звярнулі ўвагу суду на тое, што 18 студзеня 1989 года Савет міністраў БССР прыняў пастанову №42 “Аб увекавечванні памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937-1941 гадоў ў лясным масіве Курапаты”. У прэамбуле гэтага ўрадавага дакумента падкрэслена, што ён прыняты, “зыходзячы з важнасці раскрыцця гістарычнай праўды пра падзеі мінулага і ўлічваючы меркаванне шырокай грамадскасці”.

Гэтая пастанова, сярод іншага, абавязала Прэзідыум Акадэміі навук БССР арганізаваць усебаковае вывучэнне прычынаў і наступстваў масавых рэпрэсій трыццатых-саракавых і пачатку пяцідзесятых гадоў у Беларусі, а выдавецтва “Беларуская Савецкая Энцыклапедыя” — здзейсніць падрыхтоўку і выпуск спецыяльнага выдання з мэтай увекавечвання памяці ахвяраў рэпрэсій перыяду трыццатых-саракавых пачатку пяцідзесятых гадоў у рэспубліцы.

Такім чынам, беларускі ўрад яшчэ на пачатку 1989 года, гэта значыць 27 гадоў таму прызнаў важнасць раскрыцця гістарычнай праўды пра масавыя рэпрэсіі 1937-1941 гадоў у лясным масіве Курапаты і неабходнасць увекавечвання памяці ахвяраў рэпрэсій перыяду 1930-х — пачатку 1950-х гадоў, адзначалася ў скарзе.

Яе аўтары таксама нагадалі, што пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь № 578 ад 14 мая 2007 года, урочышча Курапаты як месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў пад шыфрам 611Д000363 унесена ў Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь як гістарычна-культурная каштоўнасць першай катэгорыі (міжнароднага значэння).

Такім чынам, Курапаты з’яўляюцца гістарычна-культурнай каштоўнасцю не толькі народа Рэспублікі Беларусь, але і міжнароднай супольнасці. Таму запытаныя дадзеныя пра ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў маюць гістарычнае, маральнае і духоўнае значэнне для народа Рэспублікі Беларусь і міжнароднай супольнасці, падкрэслівалася ў скарзе.

Яе аўтары нагадалі, што згодна артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, “грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя”.

А згодна артыкулу 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, “кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або пры дапамозе друку або мастацкіх формаў выяўлення, або іншымі спосабамі па свайму выбару”.

На падставе выкладзенага і ў адпаведнасці з артыкулам 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулам 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, а таксама артыкуламі 353-357 Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу Рэсаублікі Беларусь, заяўнікі прасілі прызнаць неправамернымі дзеянні Генпракуратуры і абавязаць яе паведаміць грамадскасці выяўленыя сацыяльна-дэмаграфічныя дадзеныя трох ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, чые парэшткі былі ідэнтыфікаваныя па выніках дадатковага расследавання 1997-1999 гадоў пра трагедыю ў Курапатах у рамках крымінальнай справы, узбуджанай у 1988 годзе, а таксама агучыць усе вядомыя імёны, імёны па бацьку і прозвішчы ахвяраў масавых палітычных рэпрэсій, забітых у Курапатах.           

Аднак суддзя Іван Майсейчык адмовіўся ўзбуджаць справу “у сувязі з адсутнасцю ў заяўнікаў права на звяртанне ў суд”, бо скарга грамадзянаў “не падлягае разгляду ў судах з прычыны яе непадведамаснасці”, паколькі “заяўнікі не згодныя з дзеяннямі органа, які вядзе крымінальны працэс”.    

У каментары НЧ юрыстка Тамара Сяргей назвала дзеянні суддзі незаконнымі, бо Іван Майсейчык адвольна трактуе пазіцыю грамадзянаў і выкарыстоўвае факты, якія ўвогуле адсутнічаюць у скарзе. “У мяне склалася ўраджанне, што Іван Майсейчык з’яўляецца асабістым суддзёй Генпракуратуры ў Цэнтральным судзе сталіцы, бо Іван Майсейчык неаднаразова незаконна адмаўляўся ўзбуджаць справы па скаргах граммадзянаў на дзеянні вышэйшага нагляднага органу краіны”, — зазначыла юрыстка. На яе меркаванне, Іван Майсейчык парушае канстытуцыйныя правы грамадзянаў на атрыманне інфармацыі і  судовую абарону.   

Вызначэнне Івана Майсейчыка будзе абскарджана ў Мінскім гарадскім судзе.

Трэба мець на ўвазе, што інфармацыя з Генпракуратуры, атрыманая напрыканцы 2001 году пра ідэнтыфікацыю парэшткаў трох курапацкіх ахвяраў, у той час стала сапраўднай сенсацыяй, бо пра такі яркі доказ яшчэ ў 1988 годзе марылі акадэмічныя археолагі Зянон Пазьняк, Алег Іоў і Мікола Крывальцэвіч – навуковыя эксперты следчай групы пракуратуры БССР.

Больш за 14 гадоў таму, 14 снежня 2001 году Алег Іоў распавёў сябрам грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты”, што яму вядомыя імёны двух расстраляных: гэта габрэі Мардыхай Шулескес і Мойша Іяхеевіч Крамер. У іх у 1940 годзе ў Гродзенскім астрозе былі канфіскаваныя грошы, што адлюстравана ў афіцыйных бланках квіткоў, знойдзеных у адным з курапацкіх пахаванняў сярод парэшткаў ахвяраў сталінізму.