Судмедэксперт аб афіцыйнай прычыне смерці Дзмітрыя Усхопава: Дастатковага аб'ёму звестак аб атручэнні няма

Сёння Следчы камітэт назваў прычыну смерці жыхара Рэчыцы Дзмітрыя Усхопава, які памёр у навагоднюю ноч. Паводле паведамлення СК, смерць маладога мужчыны наступіла ў выніку камбінаванага атручвання этылавым спіртам і асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам — тэтрагідраканабінолам.

ushopov_1.jpg

Сваім меркаваннем аб названа прычыне смерці Дзмітрыя Усхопава падзялілася судова-медыцынскі эксперт Надзея Гурманчук, якая адпрацавала ў сферы судовай экспертызы ў Мінску больш за 10 гадоў.

«Паводле заключэння судова-медыцынскай экспертызы, смерць Усхопава наступіла ў выніку камбінаванага атручвання этылавым спіртам і асабліва небяспечным псіхатропным рэчывам —

тэтрагідраканабінолам. Таксама пры марфалагічным даследаванні трупа былі выяўленыя прыкметы захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, якія маглі спрыяць наступу смерці ад камбінаванага атручвання, — цытует Надзею Гурманук тэлеграм-канал медыкаў. — З афіцыйных звестак вынікае, што ў крыві Усхопава знойдзены этылавы спірт у колькасці 4,3 праміле, што адпавядае цяжкаму алкагольнаму атручванню, пры якім можа наступіць смерць.

Тым не менш, наяўнасць алкаголю ў дадзенай канцэнтрацыі не дае падставы толькі па гэтым паказчыку ўсталёўваць дыягназ «атручэнне». Этылавы спірт, з'яўляючыся функцыянальнай атрутай, пры атручванні суправаджаецца пэўнай марфалагічнай карцінай на мікраузроўні, інфармацыю пра што можна арымаць толькі пры судовым медыцынскім гісталагічным даследаванні.

Інакш кажучы, для таго, каб усталяваць факт атручвання, неабходна ўзяць фрагменты органаў і дбайна іх гісталагічна даследаваць, што ўключае ў сябе ў тым ліку падрыхтоўку мікрапрэпаратаў, а гэта патрабуе часу. Ёсць падставы меркаваць, што дадзеная экспертыза альбо не была праведзена, альбо яшчэ не гатовая, бо яе правядзенне, паўтаруся, патрабуе часу.

Тэтрагідраканабінол (ТГК) — адзін з асноўных канабіёідаў, змяшчаецца ў суквеццях і лісці канопляў. ТГК — гэта першы (і на сённяшні дзень адзіны) канабіноід, дазволены для медыцынскага прымянення ў ЗША, Канадзе і краінах Заходняй Еўропы. Паводле літаратурных дадзеных, ТГК можа захоўвацца ў тканінах і органах аж да аднаго месяца з моманту яго прымянення.

У афіцыйнай інфармацыі ад СК звестак, якія паказваюць на канцэнтрацыю дадзенага рэчыва ў крыві, органах і тканінах Дзмітрыя Усхопава няма.

Такім чынам, па наяўных дадзеных таксама нельга зрабіць выснову аб тым, калі ТГК трапіў у арганізм загінулага, а такім чынам і казаць, ці з'явіўся ТГК фактарам, з-за якога наступіла смерць мужчыны.

Зыходзячы з вышэй сказанага, дастатковага аб'ёму звестак, якія дазваляюць сцвярджаць аб наяўнасці ў Дзмітрыя Усхопава камбінаванага атручвання алкаголем і ТГК няма.

Варта таксама адзначыць, што казаць аб спадарожнай паталогіі як аб захворваннях, якія маглі спрыяць наступу смерці ў выпадках атручвання, — непісьменна і некарэктна, бо атручванне — гэта самастойная група прычын гвалтоўнай смерці, якія не могуць камбінавацца (сумяшчацца) з іншымі захворваннямі. Інакш кажучы, атручэнне альбо ёсць, альбо яго няма. Гэты факт таксама выклікае сумнеў у правільнасці дыягностыкі прычыны смерці Усхопава.

Разам з тым, нават калі прыняць за ісціну, што смерць Дзмітрыя Усхопава наступіла ад камбінаванага атручвання, то ўзнікае пытанне, чаму пры наяўнасці стану, пагрозлівага для жыцця, што пацягнула ў выніку смерць, яму не была своечасова аказана медыцынская дапамога. Як вядома з афіцыйных звестак, Дзмітрый Усхопаў у медыцынскую ўстанову быў дастаўлены ў стане клінічнай смерці. Акрамя таго (што з'яўляецца абуральным парушэннем) — ён быў дастаўлены ў бальніцу на службовай машыне РАУС, а не на хуткай.

Супрацоўнікі РАУС павінны былі выклікаць хуткую дапамогу ў РАУС, а не займацца самадзейнасцю і везці паміраючага чалавека ў бальніцу. Аднак жа, яны гэтага не зрабілі, што з'яўляецца найгрубейшай памылкай».