Судовы выканаўца ў інтарэсах даўжнікоў спісала ў архіў амаль 600 выканаўчых спраў
У Мінску судовы выканаўца закрыла амаль 600 выканаўчых спраў, але сумы патрабаванняў з даўжнікоў не спаганяла, уносіла ў дакументы фіктыўныя звесткі і адпраўляла ў архіў. Пракуратура па факце злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі ўзбудзіла крымінальную справу. Шкода дзяржаве ацэньваецца ў 650 тысяч рублёў, паведамляе мінская міліцыя.
![Фота: скрыншот з відэа Фота: скрыншот з відэа](/img/v1/images/opi_ugolovnoe_delo_minsk.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота: скрыншот з відэа
Паводле звестак міліцыі, 25-гадовая загадчыца сектара аддзела прымусовага выканання ў 2020 годзе скончыла не менш за 598 выканаўчых вытворчасцяў па спагнанні сум у даход дзяржавы, а таксама ў інтарэсах фізічных і юрыдычных асоб.
Замест таго каб спрыяць спагнанню сум па выканаўчых лістах, дзяўчына ўносіла ілжывыя звесткі аб тым, што паперы былі накіраваны на працу даўжнікам. Фактычна ж паперы нікуды не накіроўваліся, альбо накіроўваліся па адрасах арганізацый, дзе даўжнікі не працавалі. Самі выканаўчыя вытворчасці спісвалі ў архіў.
Узбуджаная крымінальная справа па факце злоўжывання ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. Шкоду дзяржаве ацанілі ў 650 тысяч рублёў.
Паводле news.zerkalo.io