«Не хуліганства, а пратэст». Судзяць экс-актывіста БРСМ, які сарваў чырвона-зялёны сцяг з будынка ГУБАЗіКа
У Цэнтральным раённым судзе Мінска пачаўся працэс над Мікітам Прысталенкам, які ў лютым сарваў у цэнтры сталіцы два дзяржаўныя сцягі, піша «Свабода».
Першы — з будынка Галоўнага упраўлення МУС па барацьбе з
арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) на вуліцы Рэвалюцыйнай, другі
— з будынка «Мінскграда» на Камсамольскай. Прысталенку абвінавачваюць у
хуліганстве і апаганьванні дзяржаўнага сцяга.
Малады чалавек прызнае віну часткова. Настойвае, што «гэта
было не хуліганства, а палітычны пратэст», і тлумачыць свае дзеянні тым, што
быў у стане «алкагольнага гневу». А цяпер раскайваецца.
Што адбылося
Мікіта Прысталенка стала жыве ў Віцебску. 25 лютага прыехаў у Мінск да сябра Анатоля Таптунова, з якім увечары пайшоў адпачыць. Маладыя людзі наведвалі піцейныя ўстановы на Зыбіцкай ды суседніх вуліцах. Калі прыблізна а 2 гадзіне ночы сябры дабраліся на вуліцу Рэвалюцыйную, былі ўжо добра нападпітку. Мікіта, які слаба арыентуецца ў мінскіх вуліцах, згадвае, што было далей.
«Ішлі па вуліцы, зачапіўся за чырвона-зялёны дзяржаўны сцяг.
А дагэтуль мы гаварылі пра палітыку, мяне абурала, што адбываецца ў краіне —
мітынгі, санкцыі, як улада абыходзіцца з тымі, хто супраць. На знак пратэсту я
сарваў сцяг, які тырчаў на ўваходзе ў будынак. Працягнуў руку і сарваў. Сцяг
упаў, заблытаўся ў нагах. Я вызваліў нагу і пайшоў далей. Потым адмыслова
накіраваўся да другога сцяга, які ўбачыў наперадзе, насупраць бара "ТНТ," і
таксама яго сарваў. Каб сарваць той сцяг, падскокваў. Але на вуліцы ўжо нікога
не было, гэта я рабіў не для публічнай акцыі, а проста ў мяне быў такі алкагольны
гнеў. Раскайваюся», — расказаў пра свае ўчынкі Мікіта Прысталенка.
Падсудны асобна падкрэсліваў, што адмыслова не таптаў
сарваныя сцягі, не пашкоджваў іх, а значыць, не апаганьваў, як сцвярджаецца ў
выстаўленым яму абвінавачанні.
«На адным сцягу былі махры ад парваных нітак, ён быў ужо
стары», — згадаў Мікіта Прысталенка.
«Не хацеў, каб было больш жорсткае абыходжанне»
Некаторыя паказанні Мікіты Прысталенкі разыходзіліся з тым, што ён сказаў пад пратакол пасля затрымання, на пачатку сакавіка. Тады малады чалавек ані словам не згадваў палітычны пратэст, а ўсё спісваў на выпітае спіртное.
«Не хацеў, каб было больш жорсткае абыходжанне», — патлумачыў разыходжанні Мікіта Прысталенка. У судзе ён настойваў, што версія пра палітычны пратэст — праўдзівая.
Суд зацікавіўся, адкуль у справе ўзяўся фотаздымак, на якім Мікіта стаіць з бел-чырвона-белым сцягам. Прысталенка адказаў, што сцяг належыць не яму, а сябру Анатолю Таптунову і гэта сябар зрабіў фотаздымак.
Суд апытаў Анатоля Таптунова. Маладога мужчыну спачатку затрымалі па справе як падазронага, а потым зрабілі сведкам. Анатоль Таптуноў пацвердзіў, што ў ноч з 25 на 26 лютага разам з Прысталенкам «адпачываў» у цэнтры сталіцы і наведваў з ім бары. У бары «Чердак» на Зыбіцкай яны выпілі па 5 чарак розных настоек і адтуль перабраліся на вуліцу Рэвалюцыйную, згадаў Таптуноў. Ён не бачыў, як сябар зрываў сцягі, бо ішоў наперадзе, але здагадаўся па гуках, што такое адбылося, і ўбачыў сцягі на зямлі.
«Тлумачыў, што дарэмна ён гэта зрабіў, вакол відэакамэры,
могуць вылічыць, а цяпер у краіне складаная абстаноўка, давядзецца адказваць»,
— згадаў сведка сваю рэакцыю на ўчынак сябра. Але, паводле Анатоля, Мікіта
высноў не зрабіў і хутка сарваў яшчэ адзін сцяг. Навошта? «Ну, так. Мяркую,
ён быў незадаволены тым, што робіць улада пасля выбараў, як абыходзіцца з
людзьмі, якія пратэстуюць», — пацвердзіў матыў сябра сведка Таптуноў.
Хто такі Мікіта Прысталенка?
Мікіта Прысталенка 1996 года нараджэння, халасты, дзяцей не мае. Жыве і працуе ў Віцебску, дзе пражываюць яго бацькі.
«У мяне добрая сям’я, бацька — вайсковы пенсіянер, маці — ваеннаслужачая. Дзякуй ім за добрае выхаванне», — сказаў на адрас бацькоў Мікіта Прысталенка.
У матэрыялах справы ён фігуруе як «часова беспрацоўны». Сказаў, што яшчэ за два месяцы да затрымання меў працу, але звольніўся. Па спецыяльнасці ён аўтамеханік, працаваў таксама аніматарам. Захапляецца рэканструкцыяй падзей Другой сусветнай вайны.
«Ніяк не мог знайсці нармальную працу, таму быў моцна
незадаволены. Гэта таксама на мяне паўплывала», — тлумачыў свой настрой падчас
інцыдэнту са сцягамі Мікіта Прысталенка.
Пры гэтым малады чалавек згадаў, што, калі вучыўся ў
Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы, быў сябрам БРСМ і ўзначальваў там
філію гэтай арганізацыі.
Мікіта Прысталенка запэўніваў суд, што зрабіў дакладныя
высновы з гэтай гісторыі, кампенсаваў матэрыяльныя страты, нанесеныя будынкам
ГУБАЗіКа і «Мінскграда».
«У мяне ёсць дзяўчына. Планую знайсці працу і стварыць
сям’ю», — паведаміў суду падсудны Прысталенка.
Паводле 370 артыкула аб апаганьванні дзяржаўнай сімволікі,
які інкрымінуюць Мікіту Прысталенку, яму пагражае арышт да 2 гадоў альбо
абмежаванне волі на год. Пакаранне паводле 1 і 2 частак 339 артыкула аб
хуліганстве, у чым таксама вінавацяць Мікіту Прысталенку, больш сур’ёзнае: максімум
да 6 гадоў пазбаўлення волі.