Супраць спявачкі Анжалікі Агурбаш распачалі крымінальную справу

Анжаліка Агурбаш гаворыць, што Беларусь аб'явіла яе ў вышук і будзе дамагацца ў Расіі экстрадыцыі, паведамляе «Еўрарадыё».

Фота www.facebook.com

Фота www.facebook.com

Беларуская спявачка Анжаліка Агурбаш, якая жыве ў Маскве, запісала відэазварот, у якім заявіла, што супраць яе ў Беларусі распачалі крымінальную справу па двух артыкулах: «Распальванне варожасці або розні» і «Абраза прэзідэнта».

Агурбаш па першым артыкуле пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі, па другім — да 3 гадоў.

Спявачка кажа, што Беларусь аб'явіла яе ў вышук і будзе дамагацца ў Расіі экстрадыцыі.

«Беларускі народ вось ужо амаль год змагаецца за свае правы і свабоду, — кажа Анжаліка Агурбаш. — Са жніўня 2020-га года не было аніводнага дня, каб маё сэрца не разрывалася на часткі. Тую ступень абуральнай несправядлівасці і хлусні, агрэсіі, неапраўданай жорсткасці, з якой сутыкнуўся беларускі народ, проста немагчыма ўявіць».

Яна лічыць, што Беларусі пагражае сапраўдная катастрофа. Заклікала ўсіх «да агульнага аб'яднання» для выратавання радзімы.

3949c465_0cfc_4e89_82c8_221a2fef24d3_w1200_r1.jpg

Агурбаш пасля падзей жніўня 2020-га падтрымала мірныя пратэсты ў Беларусі, яна ўдзельнічала ў акцыях каля беларускага пасольства ў Маскве.