Генпракуратура накіравала ў Расію патрабаванне аб выдачы Анжалікі Агурбаш

На спявачку заведзены крымінальныя справы па двух артыкулах, у дачыненні да яе санкцыянаваная мера стрымання ў выглядзе змяшчэння пад варту.

Анжаліка Агурбаш. Фота: busel.online

Анжаліка Агурбаш. Фота: busel.online

Генеральная пракуратура ў траўні 2021 года ўзбудзіла крымінальныя справы па ч. 3 арт. 130 («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні»), ч. 2 арт. 368 («Абраза прэзідэнта») у дачыненні да Анжалікі Агурбаш.
Як паведамляе ведамства, «са жніўня 2020 года як самастойна, так і ў групе з нявызначанымі асобамі яна размяшчала ў глабальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт, у тым ліку праз сацыяльныя сеткі, відэа-хостынг YouTube, звесткі, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце іншай сацыяльнай прыналежнасці ў дачыненні да людзей, якія маюць агульныя сацыяльна значныя прыкметы, заснаваныя на прыналежнасці да пэўнай прафесіі: супрацоўнікаў праваахоўных органаў, дзяржаўных служачых, прадстаўнікоў улады , якія выступаюць за захаванне правапарадку і захаванне дзеючага дзяржаўнага канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь».
Апроч таго, у паведамленні пракуратуры сказана, што Агурбаш у групе з нявызначанымі асобамі таксама апублікавала ў інтэрнэце звесткі, якія змяшчаюць абразы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, злучаныя з абвінавачваннем яго ў здзяйсненні асабліва цяжкіх злачынстваў.
У дачыненні да абвінавачанай санкцыянаваная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.
У Генеральную пракуратуру Расійскай Федэрацыі ў чэрвені 2021 года накіравана просьба аб яе выдачы для прыцягнення да крымінальнай адказнасці.
Крымінальная справа знаходзіцца ў вытворчасці Следчага камітэта Беларусі.