Абноўлена: Агурбаш пакуль не прасіла дапамогі ў Пуціна
Расійскі рэсурс NEWS.ru ад імя спявачкі Анжалікі Агурбаш апублікаваў тэкст звароту да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Сама спявачка заявіла, што не звярталася да яго.

РІА «Навіны»
«Уладзімір Уладзіміравіч, трэба спыніць тую ступень тэрору і агрэсіі, якая цяпер адбываецца ў дачыненні да беларускага народа. Я не за сябе, я за беларускі народ прашу вас дапамагчы спыніць гэтае беззаконне. Зараз Беларусь губляе лепшых прадстаўнікоў нацыі. Яны сядзяць у турме, пад следствам. Гэтая сітуацыя вельмі сур'ёзная, таму што Аляксандр Рыгоравіч на сённяшні дзень проста губіць Беларусь і губіць беларусаў», — гаварылася ў звароце.
Аднак у эфіры «Еўрарадыё» Анжаліка Агурбаш абурылася, што некаторыя СМІ паведамілі пра яе зварот да Пуціна.
«Але калі будзе магчымасць, звярнуся, — кажа спявачка. — Папрашу дапамогі для ўсяго беларускага народа».
Пракуратура Беларусі звярнулася да Расіі з патрабаваннем выдаць Анжаліку Агурбаш Мінску для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за распальванне варожасці або розні і за публічную абразу прэзідэнта.
Анжаліка Агурбаш мае расійскае грамадзянства.