Супраць павышэння
У сядзібе Партыі БНФ у апошні дзень зімы прайшоў сход па стварэнню ініцыятыўнай групы, якая мае намер правесці рэферэндум супраць павышэння мытных пошлін на іншамаркі. Адпаведныя дакументы да 25 сакавіка будуць пададзеныя для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.
У сядзібе Партыі БНФ у апошні дзень зімы прайшоў сход па стварэнню ініцыятыўнай групы, якая мае намер правесці рэферэндум супраць павышэння мытных пошлін на іншамаркі. Адпаведныя дакументы
да 25 сакавіка будуць пададзеныя для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў.
У сходзе ўзялі ўдзел прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі. Як адзначаюць ініцыятары правядзення плебісцыту, аўтамабіль — ужо даўно не раскоша, але важная частка сямейнай гаспадаркі. Аднак, як
сказаў у сваім выступе перад прысутнымі старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, гэты сродак перамяшчэння можа зноў стаць недаступным для большасці беларусаў.
«Мы сабраліся дзеля таго, каб не дапусціць падвышэння мытаў на ўвоз легкавікоў у Беларусь, якое запланавана на 1 ліпеня 2010 года, для фізічных асоб. Гэты крок можа стацца моцным ударам па
бюджэце кожнай беларускай сям’і. Гэты ўдар па кішэні кожнага беларуса будзе непараўнальны з тым ударам, які адбыўся падчас леташняй дэвальвацыі беларускага рубля… Беларускіх
інтарэсаў у гэтым рашэнні абсалютна няма. Гэта невыгодна ані спажыўцам, якія карыстаюцца аўтамабілямі, ані гандлярам, ані беларускаму бюджэту, які, па ацэнках спецыялістаў, страціць вялікія грошы
пасля павелічэння гэтых мытаў», — падкрэсліў Аляксей Янукевіч.
Словы палітыка пацвярджаюцца нават публікацыяй у дзяржаўнай «Народнай газеце» ад 30 кастрычніка 2009 года, дзе сцвярджаецца, што «паводле экспертных ацэнак, страты
беларускага бюджэту на аўтамабільных пошлінах пасля фарміравання Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана могуць скласці 200 мільёнаў долараў».
Як адзначаюць ініцыятары арганізацыі рэферэндуму, раней для беларусаў аўтамабіль да 10 гадоў лічыўся прымальным і паводле цаны, і паводле якасці — шмат хто з беларусаў абірае варыянт яшчэ
нестарой іншамаркі як альтэрнатыву дарагім мадэлям з аўтасалонаў. Але павышэнне мытных пошлін балюча ўдарыць і па тых, хто разлічвае на танны патрыманы аўтамабіль, і па тых, хто прыглядвае новае аўто
ў фірменным салоне.
Напрыклад, «Фольксваген Пасат» 2005 года выпуску з аб’ёмам рухавіка 2000 кубічных сантыметраў цяпер каштуе 11 500 долараў, а пасля 1 ліпеня абыдзецца пакупніку ў 21 380
— амаль удвая даражэй. Яшчэ адзін прыклад: «Форд Фокус» 2008 года выпуску зараз можна набыць за 17 700 долараў, а пасля 1 ліпеня ён «пацягне» на 21 420
«зялёных».
Такім чынам, улады фактычна прапануюць грамадзянам набываць патрыманыя аўтамабілі па коштах новых, і шмат для якіх сем’яў уласнае аўто зноў, як і за савецкім часам, зробіцца недасяжнай
марай, а бюджэт краіны згубіць істотныя сумы.
Да ініцыятывы Партыі БНФ аб правядзенні рэферэндуму супраць павышэння мытаў на іншамаркі вырашыў далучыцца і Рух «За свабоду», пра што падчас сходу заявіў ягоны лідэр Аляксандр
Мілінкевіч.
«Будзе няпроста, бо давядзецца сабраць велізарную колькасць подпісаў людзей, але я спадзяюся, што да нас — да актыўных грамадзян, да партыйных і грамадскіх лідэраў —
далучацца і звычайныя людзі, бо гэтая справа тычыцца непасрэдна і іх… Улада робіць такія захады таму, што яна не клапоціцца пра людзей, пра іх дабрабыт. Улада турбуецца пра сваё
самаіснаванне. У іх, у адрозненне ад нас, няма ідэалогіі. Улада не мае стратэгіі для развіцця краіны, у іх ёсць толькі тактыка самавыжывання, і Мытны саюз — гэта спроба выжыць, бо
эканамічная мадэль, якую яны стварылі, прадукуе тое, што цяжка прадаць, што можна ўладкаваць яшчэ хіба ў Казахстане і Расіі. Яны зацягваюць мадэрнізацыю эканомікі, а гэты Мытны саюз яшчэ моцна
ўдарыць па нашых магчымасцях увайсці ў еўрапейскую эканамічную прастору — там наша перспектыва, там наша будучыня. А мы зараз ставім на гэтым вялікую заслону», — падкрэсліў
Аляксандр Мілінкевіч.
Апрача Руху «За свабоду», ініцыятыву Партыі БНФ падтрымалі незарэгістраваны Рух салідарнасці «Разам», а таксама грамадзянская ініцыятыва «За
аўто!».
Старшынёй рэспубліканскай ініцыятыўнай групы па правядзенню рэферэндуму супраць павышэння мытаў на іншамаркі ўдзельнікі сходу абралі намесніка старшыні Партыі БНФ Ігара Лялькова. На сходзе былі
абраны таксама і кіраўнікі абласных і мінскай гарадской ініцыятыўных груп па правядзенню плебісцыту.