Суседзі Ніны Багінскай абураныя фэйкам прапагандыстаў

Спадарыня Ніна пасадзіла ў двары кусты, дрэвы, яна ў нас вельмі паважаны чалавек, і не толькі апошнія паўгода, расказалі «Свабодзе» суседзі актывісткі.

Кватэра Ніны Багінскай пасля вобшуку

Кватэра Ніны Багінскай пасля вобшуку



Пасля вобшуку ў кватэры Ніны Багінскай некаторыя тэлеграм-каналы, у тым ліку тэлеканал ОНТ, паведамілі, што нібыта з яе кватэры ідзе непрыемны пах і што жанчына збірае розныя непатрэбныя прадметы. Ілюстрацыяй гэтага сталі фотаздымкі пасля ператрусу.

«Проста баба Ніна 40 гадоў збірае ўсё і адразу», — напісаў адзін з прапагандыстаў.

Са Свабодай скантактаваліся абураныя суседзі Багінскай, якія назвалі гэта «поўнай лухтой». Паводле іх, у доме сапраўды жыве чалавек, які збірае розныя непатрэбныя рэчы і з кватэры якога ідзе непрыемны пах, але ўсё гэта прыпісалі Ніне.

«Адміністрацыя, участковы ў курсе, а зрабіць нічога не могуць. Да Ніны гэта не мае дачынення. Яна пасадзіла ў двары кусты, дрэвы, яна ў нас вельмі паважаны чалавек, і не толькі апошнія паўгода», — расказалі суседзі.

Нагадаем, у чацвер увечары ў кватэры Багінскай праводзілі «следчы эксперымент». Сілавікі заявілі, што справа датычыць унучкі Багінскай, якая жыве ў той жа кватэры. Ані сама Багінская, ані яе дачка не ведаюць, якая справа маецца на ўвазе.